Заслужаны работнік прамысловасці БССР 30 гадоў узначальваў Аршанскі льнокамбінат. Стаў Героем Сацыялістычнай Працы, ганаровым грамадзянінам Воршы. Цяпер у ягоны гонар на мосце па Бабкова адкрылі мемарыяльную дошку, піша БелТА.
«Гэта заслужаны чалавек. Пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства стала адным з найбуйнейшых не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім Савецкім Саюзе. Вялікую ўвагу Сямёнаў удзяляў сацыяльнай сферы. Усе мы памятаем, што на балансе льнокамбіната былі дзіцячыя садкі, дамы культуры, спартыўныя збудаванні. Пад яго кіраўніцтвам пачалося будаўніцтва гэтага моста, а таксама жылога мікрараёна нумар 1», — адзначыў намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Колачаў на цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі.
Георгій Сямёнаў шмат зрабіў для Воршы. За заслугі ў 1972 годзе савецкаму спецыялісту льняной прамысловасці было нададзена званне ганаровага грамадзяніна горада. Сёння ў горадзе працягваюць увекавечваць імя Сямёнава. Месяц таму адкрылі мемарыяльны знак у сувязі з прысваеннем яго імя гімназіі № 1.
«Імя Георгія Васільевіча Сямёнава цесна ўплецена ў гісторыю нашага камбіната. Працоўную дзейнасць ён пачаў яшчэ ў 14 гадоў, прыйшоў рознарабочым на льнопрадзільную фабрыку ў Вязніках Уладзімірскай вобласці. Для таго каб пачаць работу, ён прыпісаў сабе два гады», — растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара. Аршанскага льнокамбіната Сяргей Сідзін.