Матч з асіпаўчанамі пройдзе ў нядзелю ў 16:30 на аршанскім Гарадскім стадыёне. «Зялёна-белыя», якія прыедуць у госці да аршанцаў, ідуць на перадапошнім радку турнірнай табліцы. У аршанцаў справы візуальна нашмат лепей — 8-е месца ў табліцы, але розніца не такая вялікая. Два клубы аддзяляюць усяго 5 пунктаў, а гэта значыць, гасцявая перамога «Aсіповічаў» наблізіць іх да «легмашаўцаў» на адлегласць менш, чым адной перамогі.
Напярэдадні сустрэчы блог пра гісторыю аршанскага футболу апублікаваў анонс матчу з «экскурсам» у гісторыю. Там паведамляецца, што «гісторыя двубояў аршанцаў і асіпаўчан вядзе адлік ад 1970 году. Адылі, тады гэта быў іншы клюб з Асіповічаў — „Лякаматыў“, зь якім сіня-белыя сустрэліся чатыры разы. Усе гульні былі ў рамках чэмпіянату БССР і кожная прынесла вікторыю аршанцам. У 1970-м гэта былі перамогі 2:0 і 3:1, у 1974-м — 1:0 і 2:1».
Сучасныя «Aсіповічы» сувязі з той камандай не маюць. Чытаем анонс далей:
«Гісторыя ж цяперашняга суперніка ідзе не з чыгункі, а з кардонна-рубэроіднага заводу (КРЗ), на якім каманду заснавалі ў 1994 годзе. Па колькасьці перамог пераважаюць аршанцы, а вось забівалі часьцей асіпаўчане. Балянс супрацьстаяньня „Старту“ з „Асіповічамі“: 32 сустрэчы, +15=4-13, 43-51».
У папярэднім туры аршанцы наведвалі Наваполацк, дзе разгромна саступілі 0:5 мясцоваму «Нафтану». Дзеля праўды, трэба ўказаць на велізарныя арганізацыйныя праблемы сіня-белых. На гасцявы матч паехалі толькі 13 гульцоў, а гэта значыць, магчымасці складу аршанцаў у матчы былі істотна абмежаваныя, што і прывяло да разгромнай паразы.