У 25-м, перадапошнім туры чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд Першай лігі футбалісты «Воршы» адправіліся ў Пінск, дзе згулялі з «Хваляй», якая захоўвала шанцы на выхад у найвышэйшую лігу праз стыкавыя матчы. Аднак іх ня будзе — аршанцы правялі неймаверны матч і пазбавілі пінчукоў усялякіх надзей на выхад у эліту.
За 20 хвілін да канца сустрэчы аршанцы вялі 2:0 пасля галоў Арсеня Вайнера і Вадзіма Бальбуха. Аднак затым «Хваля» адгуляла адзін мяч, а Дзмітрый Дуброў парушыў правілы ў сваёй штрафной, і колішні паўабаронца аршанцаў, які цяпер выступае за «Хвалю», Максім Грачыха з пенальці зраўняў лік на табло.
Калі здавалася, што сустрэча спакойна «даплыве» да нічыйнага выніку, аршанцы забілі яшчэ. Капітан каманды Вадзім Бальбух ударам ад самага цэнтру поля (!) забіў неймаверна прыгожы гол у браму гаспадароў. Уся лаўка запасных сіня-белых, уключаючы трэнераў, выбегла святкаваць галявы поспех. Перамога 3:2.
Момант пераможнага голу апублікаваў тэлеграм-канал «Футбольный клуб Орша». А блог пра гісторыю клубу — «Радыё Аршыца» — падвёў падрабязны вынік матчу ў сваім артыкуле. Акрамя таго, там адзначана, што сіня-белыя перамаглі ў гасцях упершыню з 2 траўня і тое, што гол Арсеня Вайнера стаў 1900-м для «Воршы» ва ўсіх афіцыйных турнірах за 71 год гісторыі клубу.
Аршанцы на 9-й пазіцыі ў табліцы, у апошнім туры яны згуляюць са «Слонімам». У выпадку перамогі над гэтым супернікам і паразы «Маладзечны» ад рагачоўскага «Макслайна» «Ворша» падымецца на 8-мы радок табліцы.