На 27 студзеня ў Воршы быў запланаваны паядынак чэмпіянату Беларусі ў хакеі з шайбай паміж аршанскім клубам «Лакаматыў» і сталічным «Юнацтвам». Рэйтынгавы матч, аднак, не адбыўся, што прынесла расчараванне тым заўзятарам, якія працягваюць хадзіць на гульні. На Лядовай арэне згасла святло, якое так і не змаглі наладзіць.
Часта прапаганда ў Рэспубліцы Беларусь прыводзіць у прыклад Украіну, імкнучыся паказаць, што ў Беларусі няма праблем, а ва Украіне ідзе вайна і адключаюць святло. Праўда, пры гэтым не згадваюць, што святло адключаюць з-за расейскіх ракетных атак. У Беларусі, на тэрыторыі якой вайны няма, эканоміка працягвае падзенне, а электрычнасць можа адключыцца раптоўна. Так адбылося на аршанскай Лядовай арэне, і матч адмянілі.
Цяпер у панядзелак, 30 студзеня Федэрацыя хакею Беларусі прыме рашэнне, што далей рабіць у гэтай сітуацыі, ці будзе матч перагуляны, ці «Лакаматыву» залічаць тэхнічную паразу праз незабеспячэнне ўмоваў паядынку.
З якой прычыны знікла электрычнасць на арэне ў Воршы — ніхто не тлумачыць. Нядаўна насупраць палацу адкрылі гатэль, які месціцца ў колішнім Доме быту.
Цяпер у турнірнай табліцы «Лакаматыў» пакуль займае 6-е месца, адставанне ад лідэра — салігорскага «Шахцёра» — складае 14 пунктаў. Адставанне ад «Юнацтва» складае 6 пунктаў. Аднак гэта не самае істотнае, паколькі галоўнае — трапіць у гульні на выбыванне, якія пачнуцца пазней.