12 лютага ў чарговым туры чэмпіянату Беларусі па міні-футболе аршанскі «Вітэн» згуляе з гомельскім ВРЗ. Перад ваяжом у Гомель афіцыйны сайт «энергетыкаў» падрыхтаваў прэв’ю сустрэчы. З яго вынікае, што ў аршанцаў цяпер не самы лепшы перыяд, акрамя таго — кадравыя праблемы. А ВРЗ — супернік востры, небяспечны і традыцыйны для аршанцаў, іх суперніцтва ўжо некалькі гадоў носіць прынцыповы характар, бо абедзьве дружыны стабільна змагаюцца за чэмпіёнскі тытул і ставяць перад сабой толькі максімальныя задачы.
Ашаламляльная параза «Вітэна» ад «Дынама-БНТУ» балюча ўдарыла прыхільнікаў каманды. Энергетыкі ўпэўнена ішлі на першым месцы, а зараз патрапяць туды толькі пры перамозе над ВРЗ. Так, гэты вынік прамежкавы, але сам факт, — піша афіцыйны сайт чырвона-чорных.
Ворша не гуляла афіцыйныя матчы з 22 студзеня, а зараз два запар з ВРЗ і «Сталіцай». У першым коле гэты адрэзак вітэнаўцы прайшлі выдатна, што будзе цяпер — пытанне адкрытае. Няпроста і ВРЗ. Многія хлопцы ездзілі ў зборную, а таму трэніраваліся не ўвесь цыкл. Плюс страта з-за дыскваліфікацыі Лася і Селюка. І адзін, і другі, дарэчы, у зборнай былі.
У Воршы страта, звязаная з «картачным доўгам», адна — Максім Конаў (зашмат картак за парушэнні — заўв. Orsha.eu). Яго дэбют адкладаецца, але гэта можа і не так фатальна. Дарэчы, Арцём Рось свой шлях у «Вітэне» таксама пачынаў з дыскваліфікацыі. Можа да поспеху? — рытарычна пытае прэс-служба міні-футбольнай каманды.
Пакінуў энергетыкаў у гэтай паўзе Ілля Казак. Ён пратаптанай яшчэ летась Пятровым і Мазным сцежкай пайшоў ва УУС з Гродна. Затое вернуцца ў строй Разуванаў і Рагавік, якія прапускалі гульню з менчукамі з-за картак. Як высветлілася, яны лідары не толькі ў статыстычных пратаколах.
Такая рубка не магла застацца без увагі, — анансуе сайт. Прамы эфір не толькі ў Ютуб, але і на тэлеканале «Беларусь 5». Сустрэча стартуе ў нядзелю а 15-00.