Прыхільнікі аршанскай футбольнай каманды распрацавалі канцэпт формы для каманды. У блогу «Радыё Аршыца» заўзятары абгрунтавалі кожны з трох прапанаваных варыянтаў.
«Усе распрацаваныя намі варыянты, прапанаваныя ў гэтым праекце, маюць сувязь зь гісторыяй „Старту“, тут няма сучасных дзіўных павеваў, калі ва ўгоду камэрцыі і беспадстаўным жаданьням распрацоўнікаў клюбам прыдумляюць форму з колерамі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да гісторыі каманды. Усе выкарыстаныя намі колеры маюць шчыльную сувязь са стартаўскім летапісам», — напісалі заўзятары.
Форма 1. Пасярэдзіне знаходзіцца «клясычная», звыклая камбінацыя блакітнай кашулі і белых трусоў. У такіх колерах наш клюб выступае шмат гадоў і мяняць гэта было б вялікай памылкай.
Форма 2. Пераасэнсаваньне першых колераў клюбу, блакітна-чорных. У 1951 наша дружына гуляла ў блакітных кашулях і чорных трусах, а тут мы вырашылі стварыць крыху іншы варыянт, з блакітнымі і чорнымі палоскамі, чорнымі трусамі і блакітнымі гетрамі. Акрамя таго, яе можна было б пашыць як рэтра-форму, зрабіўшы іншую форму каўнера, з завязкамі, як гулялі ў ножны шпурляк у мінулыя часы. Нумары на сьпінах гэтых кашуляў варта было б зрабіць белымі.
Форма 3. Варыяцыя строю з жоўтай кашуляй і белымі трусамі выкарыстоўвалася «Стартам» як асноўная форма ў асобныя сэзоны. Так было, напрыклад, у самым пасьпяховым для клюбу сэзоне 1971 году, калі аршанцы сталі 4-мі ў чэмпіянаце і дайшлі на фіналу кубку Беларусі. Таксама ў жоўтай форме стартаўцы гулялі ў 1989-м, калі клюб толькі адраджаўся пасьля часовага расфармаваньня.
Падрабязна пра варыянты формы і іх апісанне можна прачытаць у блогу, спасылка ў першым абзацы.