18 красавіка споўнілася 100 гадоў з дня заснавання таварыства «Дынама», усесаюзнага спартовага таварыства, якое стварыла Галоўнае палітычнае ўпраўленне СССР (ГПУ). Якраз у міні-футбольнага «Вітэна» каляндар прадугледзеў два матчы з дынамаўскімі камандамі.
Першую — сталічную «Ахову-Дынама» аршанцы перамаглі 4:1 у «Алімпійцы». Галы забівалі Яромін, Лазюк, Рагавік і Рабыка.
Другая — «УУС-Дынама» — яшчэ чакае наперадзе. Сустрэча адбудзецца на паркеце суперніка, у Гародні 22 красавіка. Старт паядынку а 17-й гадзіне. Гэта будзе заключны матч рэгулярнага чэмпіянату.
На гэты момант «Вітэну» не настолькі істотна, як скончыцца сустрэча. Чырвона-чорныя ідуць на 3-й пазіцыі, а па выніках могуць стаць 2-мі, або ўпасці на 4-е месца, ці застацца на 3-м. Наперадзе гульні плэй-оф, а там простых супернікаў не будзе. Тыя сустрэчы вызначаць уладальнікаў медалёў.