У другім матчы чвэрцьфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі, што праходзіў у Менску, аршанцы выйшлі наперад ужо на 2-й хвіліне дзякуючы голу Лазюка з пенальці. Праз дзве хвіліны менчукі зраўнялі лік. На 14-й хвіліне гулец «Мінска» Зуёнак атрымаў чырвоную карткуза грубую гульню пасля раней атрыманага папярэджання.
На самым пачатку другога тайму Лазюк забіў ужо са штрафнога, аднак і гэтым разам чырвона-сінія адгулялі мяч, прычым поспех прынесла рызыка — «Мінск» зняў з гульні брамніка і выпусціў брамніка-ганялу. Гульня 5 на 4 прынесла плён, і на апошніх секундах матчу менчукі зраўнялі лік на табло.
У серыі пенальці абодва клубы тасавалі брамнікаў, але ў суме поспеху дамагліся гульцы «Мінску». Іхная перамога па пенальці 6:5, і серыя завяршаецца з вынікам 2-0 на карысць «Мінску». Супернік праходзіць у паўфінал, аршанцы застаюцца за бортам змагання за медалі. Гэта безумоўная няўдача «энергетыкаў». Але вынікі падвядзе сама каманда, яе трэнерскі штаб і кіраўніцтва.