У 10-м туры Першай лігі аршанцы на сваім полі прымалі «Шахцёр» з Петрыкава. Летась гэтай камандзе сіня-белыя саступілі 1:9, аднак цяпер варта было спадзявацца на лепшае, паколькі ў чэмпіянаце сёлета каманда з Поўдня стартавала слаба.
Аднак пачатак паядынку мог пазбавіць куражу ўсю аршанскую публіку, якая сабралася на трыюунах у спадзеве на першую перамогу дома ў сезоне. Ужо на 22-й хвіліне гулец «Шахцёра» Стэфановіч зрабіў дубль, і аршанцы саступалі 0:2. Толькі ў другім тайме сіня-белым удалося сабрацца. Спачатку Бальбух, а затым двойчы Фядосаў прабівалі брамніка гасцей.
«Ворша» святкуе перамогу 3:2, застаецца на 13-м месцы, але шчыльнасць табліцы дазваляе ў выпадку блізкіх поспехаў падняцца значна вышэй.
Блог фанатаў каманды, тым часам, апублікаваў цікавую статыстыку — аказваецца, гэтая перамога, здабытая на 3-й кампенсаванай да матчу хвіліне, стала для «швейнікаў» 500-й у гісторыі клуба!