Улады на афіцыйным узроўні адзначаюць 3 ліпеня Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. З прычыны нязгоды з палітыкай Лукашэнкі і агулам — з гістарычнай палітыкай цяперашніх уладаў у дзяржаве — вялікая частка беларусаў не адзначае гэты дзень. Аднак дзяржаўныя СМІ актыўна публікуюць здымкі з чырвона-зялёнай сімволікай і інфармацыю пра дасягненні айчынных прадпрыемстваў.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала інфармацыю аб тым, што Аршанскі ільнокамбінат — найбуйнейшае ў свеце прадпрыемства поўнай перапрацоўкі ад ільновалакна да гатовага прадукту. На камбінаце за год прадукуюць 18 млн пагонных метраў тканіны.
Таксама дзяржаўныя журналісты паведамілі, што «беларускі лён ва ўсёй яго разнастайнасці, ад ручнікоў — да джынсаў і абутку, ведаюць у 38 краінах свету».
Пра арганізацыйныя і эканамічныя праблемы прадпрыемства, пра тое, што Аршанскі ільнокамбінат — датацыйная вытворчасць цягам доўгіх гадоў, улады стараюцца нідзе не ўзгадваць. Адзіны момант, калі гэта можа адбыцца — чарговы публічны «разгон» Лукашэнкам чыноўнікаў перад тэлекамерамі.
Калі вы маеце інфармацыю аб тым, што адбываецца на Аршанскім ільнокамбінаце сёння, з усімі плюсамі і мінусамі, — паведаміце нашай рэдакцыі. разам зробім інфармацыю праўдзівай, празрыстай і агульнадасяжнай.