У футбольным свеце словам «дэрбі», па назве англійскага горада Дэрбі, называюць матчы каманд з аднаго горада або аднаго рэгіёна, або суседніх рэгіёнаў. Менавіта дэрбі называецца і матч паміж «Воршай» і «Віцебскам», які чакаецца ў суботу, 8 ліпеня.
Сустрэча стартуе а 17-й гадзіне на Гарадскім стадыёне нашага горада. Аршанцы прымаюць віцяблянаў упершыню за 5 гадоў.
Вялікі анонс матчу напісаў блог пра гісторыю аршанскага футболу «Радыё Аршыца». Не абышлося і без падцёнаў суперніка. Цалкам прачытаць матэрыял можна па спасылцы. У ім аўтары падкрэсліваюць рознае паходжанне клубаў, пералічваюць прозвішчы футбалістаў, якія адзначыліся ў абедзвюх камандах, успамінаюць старыя матчы.
Як высвятляецца, суботні матч будзе ўсяго 4-м паміж «Воршай» і «Віцебскам» у афіцыйных турнірах. Пры гэтым у неафіцыйных і ў разнастайных таварыскіх матчах каманды сустракаліся незлічоную колькасць разоў.