Супрацоўнікі наркакантролю затрымалі на пероне чыгуначнага вакзалу ў Віцебску дзевяцікласніцу з Воршы. Пры дзяўчыне знайшлі і канфіскавалі больш за 45 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва альфа-PVP.
Устаноўлена, што аршанка атрымала «тавар» ад куратара інтэрнэт-крамы ў сваім горадзе для наступнага распаўсюджвання. З Воршы праз Віцебск яна ехала ў Наваполацк, дзе павінна была расфасаваць псіхатроп на дробныя партыі і раскласці па тайніках.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай іх збыту.
Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Улады даўно ўвялі «драконаўскія» артыкулы за збыт наркотыкаў. Але пераважна ловяць на «прынаду» тых, хто фасуе наркотыкі і робіць закладкі. Шмат такіх выпадкаў было ў Воршы і раёне. Аднак рэдка калі ўлады паведамляюць аб тых, хто стаіць над гэтымі схемамі. Як паведамляў блогер Павел Спірын, да гэтага мае дачыненне сама міліцыя. У сваім фільме блогер спрабаваў прывесці доказы падобнай дзейнасці беларускіх сілавікоў, і за гэта трапіў у турму. Затрыманні падлеткаў, якім захацелася «лёгкіх грошай» ці якія самі спажывалі наркотыкі, з наступнымі турэмнымі тэрмінамі, нярэдка большымі за 10 гадоў калоніі, даўно ператварыліся ў норму. Улады не даюць адказаў на пытанні, якім жа чынам яны збіраюцца займацца прадухіленнем падобных незаконных дзеянняў.