У чвэрцьфінале Кубку Беларусі пасля хатняй перамогі 3:1 над менскай «Аховай-Дынама» аршанскаму міні-футбольнаму клубу «Вітэн» неабходна было здабыць якасны вынік яшчэ і ў гасцях.
І гэта ўдалося! На гэты матч у браме «Вітэну» гуляў ужо не Эльяшэвіч, а Змысля. Аршанцы павялі наступ, але першымі прапусцілі, ужо на 6-й хвіліне гулец «Аховы» Бабіч прымусіў Змыслю капітуляваць. За апошнюю хвіліну першай паловы Брэднеў і Себіскверадзэ забілі галы, і «Вітэн» выйшаў наперад.
Бабіч з самага старту другой паловы правёў другі мяч, лік стаў 2:2. Маргар’ян, аднак, праз некалькі секунд вярнуў перавагу «энергетыкаў» у адзін мяч.
Такі лік абсалютна не задавальняў гульцоў «Аховы-Дынама», але наперадзе ў іх не атрымлівалася. Пад канец сустрэчы сталічныя футбалісты знялі брамніка і сталі дзейнічаць з дадатковым палявым. Аднак гэтым скарыстаўся аршанскі калектыў. На перадапошняй, 39-й хвіліне Разуванаў забіў у пустую браму з перадачы свайго брамніка Змыслі — перамога чырвона-чорных 4:2!
Самым выніковым гульцом паядынку ў «Вітэна» стаў Разуванаў, акрамя голу на ягоным рахунку дзве галявыя перадачы. А найлепшым гульцом прызналі Уладзіслава Брэднева.
Такім чынам, «Вітэн» здабыў перамогі ў абодвух матчах з «Аховай-Дынама» і прайшоў у паўфінал Кубку Беларусі. Паўфінальныя сустрэчы адбудуцца ў студзені. Пра іх Orsha.eu паведаміць асобна.