Паштоўка, у цэнтры якой вядомы футбольны трэнер, арганізатар аршанскага «Старту» ў савецкі час Рувім Аўцын, выпушчана пад 2024 год у Воршы. Пра выхад паштовак напісаў сайт «Радыё Аршыца». Там адзначаюць, што сёлета — шмат юбілеяў, звязаных з футболам у нашым горадзе.
Сярод асноўных трох вылучаюцца:
100 гадоў таму. Жнівень 1924. Зборная Воршы згуляла ў турніры на І Усебеларускім спартовым сьвяце.
100 гадоў таму. 24 кастрычніка 1924 году. Першая згадка пра аршанскі «Лякаматыў».
100 гадоў таму. 19 лістапада нарадзіўся Рувім Аўцын — выбітны дзеяч ножнага шпурляку Воршы.
Якраз пры Аўцыне аршанскі «Старт» дасягнуў найвышэйшага выніку ў сваёй гісторыі — 4-га месца ў першынстве і выхаду ў фінал Кубку БССР. Ён і па сёння застаецца найпаспяховейшым трэнерам у гісторыі каманды, у час незалежнай Беларусі да яго па дасягненнях не наблізіўся ніхто, хаця і параўнанне савецкай эпохі з незалежнай не заўсёды карэктнае.
Пра іншыя юбілеі можна прачытаць на сайце праекту.
Аўтары паштовак адзначаюць, што іх выйшла абмежаваная партыя, «каб віншаваць тых, хто робіць унёсак у зьбіраньне гісторыі спорту».