Гэтае тлумачэнне на пачатку артыкула наўрад ці патрэбнае аршанцам, затое можа спатрэбіцца для разумення нашым чытачам з іншых рэгіёнаў. «В’етнамбанкам» у нас называюць неафіцыйны «абменнік», у якім людзі могуць купіць замежную валюту ў час, калі ў краіне чарговы фінансавы крызіс ці недагаворкі ад ураду. Шмат разоў, калі Лукашэнка сваімі ўказамі абмяжоўваў свабодны продаж амэрыканскіх даляраў, аршанцы звярталіся ў сваім горадзе да в’етнамцаў і часта па даволі выгадным курсе мянялі даляры. Шэраг аршанцаў сведчыць, што ў адрозненні ад беларускіх «мянялаў», «супрацоўнікі В’етнамбанку» не падманваюць пры абмене.
Гэтым разам у Воршы зафіксавалі самы нізкі курс даляра па Беларусі якраз у «В’етнамбанку»: 2,60 рубля за даляр.
У матэрыялах адміністрацыйнай справы аб незаконных валютных аперацыях у Воршы значыцца, што 16 снежня мінулага года каля дома па вуліцы Савецкай, 3 валютчык прадаў 100 даляраў па вельмі нізкім курсе 2,6 за даляр.
Аперацыю выкрылі ў міліцыі. У валютчыка сканфіскавалі 100 даляраў і аштрафавалі яго на 2 тысячы беларускіх рублёў. Імёны аршанскага в’етнамца і суддзі ў судовым рашэнні засакрэчаныя.