Размова, вядома, не пра «цалкам завязаў», бо кажуць, што Антон Пуціла застанецца ў менскім «Дынама» на пазіцыі дырэктара. Але гэта будуць ужо кіраўнічыя пасады, а вось з гуляннем у футбол Антон ужо завяршыў. Пра гэта афіцыйна паведаміла прэс-служба «Дынама», якая падзякавала аршанцу за гады кар’еры, больш за паўтары сотні сустрэч у кашулі каманды і адзначыла, што Пуціла «вялікімі літарамі ўпісаў сябе ў біяграфію мінскага „Дынама“».
Антон Пуціла нарадзіўся ў 1987 годзе ў Воршы. Ён з юнацкіх гадоў прыцягнуў да сябе ўвагу маланкавай абводкай і жвавымі рухамі па полі. Яшчэ ў 2003-м годзе яго забралі ў Рэспубліканскую вучэльню алімпійскага рэзерву ў Менск, такім чынам Пуціла нават не гуляў за «Воршу», якая, зрэшты, тады выступала толькі ў першынстве вобласці. Ужо праз год у вучэльні Пуцілу ўзялі ў асноўную каманду сталічнага «Дынама».
Там Антон гуляў яскрава, стаў лідэрам каманды, адным з найбольш запамінальных галоў для яго стаў мяч са штрафнога, агаданы ў браму «Макабі» з Хайфы, калі беларускі прадстаўнік у еўрапейскіх кубках здолеў перамагчы ізраільцян на радасць усяму стадыёну «Дынама».
Затым ужо вядомы № 14 дынамаўцаў пераехаў за мяжу. У нямецкі «Фрайбург». Папярэдняя паездка ў Нямеччыну была ў 2008, за два гады да гэтага, але тады Антон не замацаваўся ў асноўным складзе «Гамбургу», згуляўшы толькі некалькі матчаў. Затое ў складзе «чорных арлоў» аршанец гуляў з 2010 па 2013 гады. За гэты час ён правёў у галоўнай лізе Нямеччыны, адной з наймацнейшых у Еўропе, 45 гульняў.
Расстаўшыся па згодзе бакоў з «Фрайбургам», Антон прыляцеў у суседнюю Расею, дзе правёў яскравы чэмпіянат за «Волгу» з Ніжняга Ноўгараду. Там ён стаў лідэрам каманды, аднак клуб вылецеў у другі дывізіён, а згодна з умовамі кантракту, Пуціла мог у такім выпадку разарваць кантракт. Што ён і зрабіў. Неўзабаве прыйшла іншая прапанова з Расеі — славутае маскоўскае «Тарпеда» хоць і не было на вышыні, але наўрад ці частку кар’еры там Пуціла можа разглядаць як няўдачу. 20 матчаў і 4 галы.
А затым паследавалі 7 гадоў у Турэччыне, у якой Пуціла выступаў за тры клюбы — «Газіянтэпспор», «Анкарагюджу» і «Алтай». Паўсюль быў калі не лідэрам, то заўважнай персонай. У 2021-м годзе Пуціла вярнуўся ў Беларусь, дзе правёў чэмпіёнскі сезон у менскім «Дынама», якое стала для яго фактычна родным.
Тытулаў за сваю кар’еру Антон амаль не ўзяў, але адметна, што першы залаты медаль чэмпіёна Беларусі ён заваяваў у свой дэбютны сезон за дынамаўцаў, а другі — у апошнім сезоне ў кар’еры. 19 гадоў паміж гэтым у Пуцілы не было тытулаў ні з «Дынама», ні з іншымі камандамі, і самі дынамаўцы без аршанца не спраўляліся, бо з таго 2004-а і да 2003-а не былі чэмпіёнамі краіны.
Нельга забываць і пра тое, што цягам 11 гадоў паўабаронцу выклікалі ў нацыянальную зборную краіны. За зборную Беларусі ў Антона Пуцілы набралася 56 сустрэч і 6 галоў.