Славуты беларускі скульптар Ігар Голубеў (11.06.1961 — 1.03. 2024) — творца шэрагу помнікаў славутым гістарычным асобам Беларусі. Менавіта ён — аўтар помніка Уладзімеру Караткевічу ў Воршы, які стаіць у Прыдняпроўскім парку.
Пра ягоную смерць паведаміла Тамара Габрусь у фэйсбуку.
Акрамя таго, Голубеў стварыў помнікі Язэпу Драздовічу ў Менску, Напалеону Орду ў Янаве, Эўфрасіньні Полацкай ў Полацку і Менску, Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму каля БДУ ў сталіцы і іншых.
Яшчэ адна вядомая работа Голубева — сакральная манументальная скульптурная кампазіцыя Голубева «Архангел Міхаіл перамагае зло», якая ўсталяваная каля Чырвонага касцёла на Плошчы Незалежнасці ў Менску.
Голубеў паходзіў з Віцебску. Акрамя вышэйпералічаных работ, ён ствараў праекты помнікаў расстраляным у Воршы. Праекты 1991 году можна паглядзець на выявах таго часу. Разам з Голубевым праекты ствараў Мікалай Сморчак.
У ліпені 1991 года праекты помнікаў расстраляным у Воршы ахвярам сталінізму былі зацверджаныя Аршанскім гарвыканкамам. Аднак неўзабаве да ўлады прыйшлі палітычныя сілы, якія з’яўляюцца прыхільнікамі сталінізму, і помнік ахвярам камуністычнай сістэмы так і не ўсталявалі.