У Воршы каля аднаго са шматпавярховікаў памёр мужчына. Уначы 3 красавіка чалавека, які ляжаў на ходніку, заўважыў таксоўшчык, які праязджаў па раёне. Ён патэлефанаваў у хуткую дапамогу.
Медыкі, якія прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць мужчыны і выклікалі міліцыю, піша Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў.
Дакументаў пры мужчыну не аказалася, адразу ўстанавіць яго асобу не ўдалося. Высветліць гэта дапамог спецыяліст Аршанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў. На месцы здарэння ён зрабіў фотаздымку папілярных узораў пазногцевых фаланг пальцаў рук памерлага.
Далейшая праверка ўстанавіла іх тоеснасць з адбіткамі пальцаў у дактыласкапічнай карце мясцовага жыхара, якому напярэдадні споўнілася 52 гады. У тую ноч ён сканаў, не дайшоўшы да сваёй хаты літаральна некалькі дзясяткаў метраў.
Дакладную прычыну смерці аршанца высвятляюць медычныя судовыя эксперты.