Першы матч дома стаў для «Воршы» надзвычай багатым на галы. У суперніках была «Ніва» з аграгарадку Доўбізна, што на Берасцейшчыне. Поле было надзвычай гразкім праз дождж, які амаль не спыняўся цягам усёй гульні. Аршанцы саступілі 3:5, галы за нашу каманду заганялі Расолька, Кучараў і Антонаў.
Два мячы аршанцы прапусцілі з далёкай адлегласці. Відэазапісы гэтых галоў разляцеліся па беларускім Сеціве.
Пакуль у аршанцаў толькі 1 набраны пункт і перадапошняе, 17-е месца ў турнірнай табліцы.
Сустрэча была адметнай яшчэ і тым, што два гульцы «Воршы» дасягнулі цікавых статыстычных паказчыкаў. Як піша дзённік гісторыі аршанскага футболу «Радыё Аршыца», паўабаронца Арцём Антонаў правёў юбілейны, 50-ы паядынак у складзе каманды. А паўабаронца Глеб Жалезнікаў згуляў 111-ы паядынак, што дазволіла яму зраўняцца па колькасці праведзеных гульняў з Аляксандрам Ладзяным, Аляксандрам Чарневічам і Дзьмітрыем Суздальцавым.