Каманда Мікалая Кітаёва паехала ў Ліду не гуляць унічыю. Дружына адправілася на захад краіны па перамогу. І гэта адчувалася. Але гульня, вядома ж, была няпростай. Судзіце самі — «Ліда» на 3-й пазіцыі, «Ворша» была на 11-й.
Але на тое і слава Воршы, што наша каманда ў кожным сезоне прымудраецца забіраць пункты ў самых моцных каманд лігі. У сустрэчы моманты здараліся як у аднаго, так і ў другога боку, але вызначыліся толькі блакітна-чорныя. Пераможны гол на 72-й хвіліне загнаў Глеб Жалезнікаў — 1:0!
У выніку аршанцы перамаглі і набралі тры пункты. У канцы сустрэчы адбыўся непрыемны эпізод, калі двое лідзянаў справакавалі аршанца Пунінскага на кідок мяча, за што адзін з правакатараў атрымаў толькі жоўтую, а сам гулец «Воршы» чырвоную картку. Відэаагляд паядынку апублікаваў афіцыйны канал клуба, а старонка гісторыі і статыстыкі «Воршы» апублікавала відэа скандальнага эпізоду з выдаленнем.
Каманда мае 10-е месца і ў наступным туры прыме сталічны «Энергетык-БДУ».
Варта дадаць, што да выправы ў Ліду аршанцы не святкавалі перамог на чужых палях з 26 жніўня 2023 года, калі перагулялі гомельскіх чыгуначнікаў у Першай лізе.