27 чэрвеня адбылася цырымонія сустрэчы так званага «Цягніка Перамогі» на чыгуначным вакзале «Ворша-Цэнтральная». Гэта перасоўны музей, які знаёміць людзей з расейскім поглядам на гісторыю ІІ усясветнай вайны, а таксама афіцыйнай версіі цяперашніх уладаў Рэспублікі Беларусь. Урачысты мітынг правялі на плошчы перад помнікам Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву.
Кожны ахвотны можа наведаць экспазіцыю, што знаходзіцца ў самім цягніку. Ва ўрачыстым мітынгу прыняў удзел намеснік мэра горада Цындао (Кітай) Сунь Мінцзэ. З беларускага боку — першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац, начальнік Менскага аддзялення Беларускай чыгункі Аляксандр Харашэвіч, ганаровы грамадзянін Воршы Уладзімір Навацкі, прадстаўнікі сілавых структур Аршанскага гарнізона, падраздзяленняў Аршанскага чыгуначнага вузла, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна.
Якраз пачэсныя госці мітынгу і сталі першымі наведнікамі экспазіцыі перасоўнага музею. На мультымедыйным экране ў самім цягніку — выява вядомага савецкага і расейскага актора тэатра і кіно Дзмітрыя Харацьяна. Ён адзначаў, што «рады дакрануцца да архіўных дакументаў» і паказаць людзям экспазіцыю.
Для выканання задачы па аблічбоўцы цэлага музейнага саставу распрацаваныя 79 панарам, 158 інтэрактыўных элементаў і 159 фатаграфій экспанатаў. У панарамы стваральнікі інтэгравалі 46 відэа з экранаў і праектараў. Асобна аформленая экспазіцыя і гукам, можна слухаць экскурсію з аўдыёгідам. Экскурсія можа доўжыцца да 3 гадзін. Віртуальная доўжыцца 45 хвілін.