Латвія істотна ўскладніла беларусам паездкі ў сваю краіну, забараніўшы паездкі на тэрыторыю дзяржавы на машынах з беларускай рэгістрацыяй, то бок з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Паводле шэрагу аналітыкаў, гэтая мера ніякім чынам не дапаможа дамагчыся дэмакратызацыі Беларусі. А расследаванне, якое праліло святло на абставіны новых паставак «санкцыёнкі» ў Беларусь, ушчэнт разьбівае аргументы пра тое, што заходнія санкцыі не даюць рэжыму Лукашэнкі шанцаў.
З Латвіі ў Расею праз Беларусь пастаўляюць аўтамабілі класу «Люкс». І яўна не для шараговых грамадзян, якія на куды больш сціплых легкавіках цяпер не могуць прыехаць у Латвію нават на некалькі гадзін. У схеме актыўна задзейнічаныя чыгуначныя станцыі Воршы.
«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» заяўляе, што кіраўніцтва «Беларускай чыгункі» цудоўна ведае пра «шэрыя схемы», шэраг супрацоўнікаў удзельнічае ў іх, або замоўчвае. За ўсімі схемамі стаіць вядомы «кашалёк Лукашэнкі» Аляксей Алексін, паведамляе супольнасць.
«Гэты „бізнэсоўца“ датычны да распрацоўкі і ўкаранення лічбавай платформы маніторынгу грамадскай бяспекі і кіравання інфраструктурай назірання з распазнаннем асоб KIPOD. Па нашай чыгуначнай тэматыцы забяспечвае рэалізацыю праекта ўкаранення ў грузавыя перавозкі ў ЕАЭС навігацыйных пломбаў».
У асноўным паток, у якім бярэ ўдзел уладальнік «Табакерак», працягвае рухацца па маршруце Грыва (Латвійская чыгунка — ЛДЗ) — Ворша-Заходняя (БЧ). Калядзічы (БЧ) ужо не фігуруюць у схеме.
За пятнаццаць дзён бягучага ліпеня такім чынам прайшло яшчэ 16 спецыялізаваных вагонаў з аўтамабілямі класа «люкс». Характэрна, што калі ў чэрвені такія вагоны затрымліваліся на тэрыторыі Латвіі на 15 — 20 дзён (мяркуючы па ўсім, для мытнага афармлення), то ў ліпені час ад прыёму грузу да перавозкі да яго перасячэння латвійскай мяжы скараціўся да 2 — 4 дзён.
Ва ўсіх выпадках адпраўніком грузу з’яўляецца ТАА «АЛПИК КАРГО» (вул. Кіегелю 8П, Дзвінск (Даўгаўпілс), Латвія). Гэта ж кампанія і экспедытар па чыгунцы Латвіі. А вось на станцыі Ворша-Заходняя атрымальнік у асноўным згаданая вышэй кампанія СЗАТ «Энерго-ОИЛ». Ёсць і іншыя атрымальнікі. Як мінімум яшчэ два вагоны ў названым перыядзе прайшлі іншымі, вельмі заблытанымі маршрутамі.
У выніку ўсімі апісанымі ў расследаванні шляхамі ў 18 вагонах у Расію праз Беларусь зноў завезлі каля 90 новых аўтамабіляў (уключаючы такія маркі, як Lamborghini, Mercedes-Benz, BMW, Porsche, Ferrari, Bentley Motors, Rolls-Royce). Сума ўсіх новых паставак можа перавышаць 18 млн. даляраў ЗША.
Часта беларусы спрачаюцца, «ці працуюць санкцыі». Новае расследаванне дае шмат адказаў на гэтае пытанне, з якіх можна зрабіць высновы.