На 63-м годзе пакінуў гэты сьвет вядомы футбаліст і трэнер Аляксей Шубянок, паведаміў канал клуба ў тэлеграме. З лютага 2023 года ён працаваў у Воршы і за гэтыя паўтара года стаў важным звяном у працы калектыву.
Аляксей Шубянок нарадзіўся 15 верасня 1961 года ў Менску. Футболам пачаў займацца ў 7 гадоў ва ўкраінскім Харкаве, а затым трэнаваўся ў Варашылаўградскім спартовым інтэрнаце (цяпер Луганск). У 1984 годзе скончыў Інстытут фізкультуры ў Душанбэ. Выступаў за таджыцкія, узбецкія, украінскія каманды, у 1990 годзе вярнуўся ў родную Беларусь і далучыўся да «Абутніка» з Ліды.
У 1993-м пачаў трэнерскую кар’еру ў дзіцяча-юнацкай школе Ліды. Затым працаваў памочнікам у трэнерскім штабе «Абутніка», і потым — слонімскага КПФ. У 1995-м узначаліў слонімскі «Камунальнік», які ён у 1996-м і 1999-м выводзіў у Вышнюю лігу. У 2009-м годзе разам з іншай слонімскай камандай — «Белтрансгазам» — перамагаў у ІІ лізе. Акрамя таго, Шубянок працаваў са жлобінскім «Камунальнікам», магілёўскім «Тарпеда-Кадына», гомельскім «Лакаматывам».