Улетку 1999 года Валодзя пайшоў у лес у грыбы і знік. Блізкія доўгі час шукалі яго, аб’язджаючы найбліжэйшыя бальніцы, але так і не знайшлі.
«Мама да самай смерці верыла, што Вова жывы, а тата, паміраючы, сказаў, што хоць на нябёсах убачыць сына», — згадвае Таццяна, сястра зніклага хлопца. Увесну гэтага года, праз 25 гадоў пасля знікнення роднага брата, яна нечакана даведалася: мужчына жывы і знаходзіцца ў псіхіятрычным шпіталі. Жанчына забрала яго дадому і расказала Onliner пра тое, што адбылося.
Валодзя знік 8 чэрвеня 1999 года ў вёсцы Лучазарная Сенненскага раёна. На той момант яму было 26 гадоў. Па словах родных, хлопец пайшоў у лес і не вярнуўся.
Ён заўсёды хадзіў у лес у ягады, але што з ім адбылося ў той дзень, так ніхто і не даведаўся, — кажа Таццяна Міхайлаўна, старэйшына вёскі Лучазарная. — Шукалі вельмі доўга і ўсюды! Родныя ездзілі па інтэрнатах, лякарнях. Як толькі з’яўлялася хоць нейкая інфармацыя пра падобнага чалавека, ехалі і правяралі. Была версія, што, можа, заснуў пад дрэвам і на яго напаў нейкі звер, але ніякіх слядоў, якія паказваюць на гэта, не было.
— Памятаю, доўгі час усе, хто хадзіў у лес, стараліся быць больш уважлівымі. Але ўсё было безвынікова. А цяпер, калі знайшоўся, усім было дзіўна даведацца, як Валодзя наогул апынуўся так далёка!
У Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы Валодзя апынуўся 15 чэрвеня, праз тыдзень пасля свайго знікнення. У хлопца з дзяцінства было псіхічнае захворванне. Вонкава, напрыклад, яно выяўлялася ў неразборлівым маўленні.
Менавіта гэтая акалічнасць пасля і адыграла ключавую ролю ў яго лёсе: пры паступленні ў бальніцу Валодзя так вымавіў сваё прозвішча, што яно не супала з сапраўдным — замест «Пусцяк» атрымалася нешта накшталт «Пушок» ці «Пушак». Дакументаў пры сабе ў яго таксама не было.
Увесь гэты час хлопец так і лічыўся ў лякарні з тымі данымі, якія назваў, а знайшоўся больш чым праз два дзясяткі гадоў толькі дзякуючы генетычнай экспертызе.
Валодзя так і не змог растлумачыць сястры Таццяне, як ён з Віцебскай вобласці трапіў у Магілёўскую псіхіятрычную лякарню. Блукаў па лесе, ішоў полем, ехаў на цягніку, пакуль не высадзілі на нейкім вакзале, — гэта ўсё, што ён распавёў родным.
Можна толькі выказаць здагадку, што хлопец, блукаючы па наваколлі, дайшоў да чыгуначнай станцыі ў Багушэўску, размешчанай за 5-6 кіламетраў ад яго роднай вёскі. Адтуль на электрычцы ці цягніку сапраўды можна дабрацца да Магілёва, калі зрабіць перасадку ў Воршы.
Адлегласць ад месца знікнення да Магілёва — каля 130 кіламетраў, калі ехаць на аўто.
У лякарні, як мы ўжо ведаем, праз спецыфічнае маўленне прозвішча было запісана няправільна. А паколькі даныя пра сябе ён усё ж назваў, то сярод «невядомых» не лічыўся.
У выпадку, калі чалавеку з асаблівасцямі псіхічнага развіцця няма дзе жыць і няма дакументаў (без дакументаў няма магчымасці аформіцца ў інтэрнат псіханеўралагічнага тыпу), сістэма аховы здароўя дае месцы ў спецыяльных аддзяленнях пры псіхіятрычных лякарнях, і там пацыенты і застаюцца практычна ўсё сваё жыццё.
— Калі ў нас узнікаюць падазрэнні, што ў сілу нейкага кагнітыўнага дэфекту звесткі, названыя чалавекам, могуць быць няправільнымі, мы звяртаемся ў РАУС з просьбай высветліць асобу, — распавяла Алена Лазарэнка, намесніца галоўнага доктара Магілёўскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі. — Ці просім высветліць, напрыклад, сваякоў, калі чалавек выпісваецца, а дакументаў пры ім няма. Перыядычна доктар, праглядаючы гісторыю, зноў дае запыт у міліцыю. І вось пры чарговым запыце, мабыць, чалавек і знайшоўся дзякуючы сучасным тэхналогіям.
Па словах медыка, часцей за ўсё людзей, якія згубіліся і трапілі ў лякарню, ідэнтыфікуюць па адбітках пальцаў, злепку зубоў, слоўным апісанні.
— Пры паступленні пацыента мы стараемся ўказаць усе дэталі, у тым ліку татуіроўкі, у што ён быў апрануты. Плюс да ўсяго РАУС дасылае свайго спецыяліста, які складае апісанне, робіць злепкі зубоў, альбо, калі ёсць стаматолаг, ён апісвае формулу. І вось цяпер яшчэ з’явілася генетычная экспертыза. За маю практыку гэта першы выпадак, калі ў пацыента ўзялі ўзоры букальнага эпітэлія. Гэта вельмі добрая тактыка, асабліва калі чалавека шукаюць сваякі.
Узяты генетычны матэрыял Уладзіміра быў змешчаны ў базу дадзеных ДНК Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
Пры праверцы яго генетычныя характарыстыкі супалі з данымі жыхара Віцебскай вобласці — пасля будзе вызначана, што гэта бацька Уладзіміра, біялагічныя ўзоры якога ўзялі ў рамках вышуку зніклага сына.
Праўда, да моманту выяўлення падабенства тата Уладзіміра ўжо памёр, і для пацверджання сваяцтва была праведзена яшчэ адна генетычная экспертыза. Усё прайшло паспяхова, Валодзя вярнуўся дадому.
Журналістам удалося пагаварыць з Таццянай толькі па тэлефоне. Сустрэцца ці хаця б падзяліцца сумеснымі фатаграфіямі сястра адмовілася: не хоча прыцягваць да сям'і залішнюю ўвагу.
Таццяна прызнаецца, што заўсёды думала пра брата як пра жывога і спадзявалася, што калі-небудзь ён вернецца. Аднак інфармацыя пра тое, што Валодзя, які згубіўся шмат гадоў таму, магчыма, знайшоўся, яе ў літаральным сэнсе ашаламіла: усё ж такі прайшло чвэрць стагоддзя.
— Як толькі ўбачыла яго на фота і відэа, адразу пазнала: Валодзя! Патэлефанавала ў лякарню і сказала, што прыеду забяру яго да сябе.
— Брат вас пазнаў?
— Так! Заплакаў, назваў мяне па імені. І сярэднюю сястру пазнаў.
Таццяна і Валодзя выраслі ў шматдзетнай сям'і, дзе было сямёра дзяцей: тры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Усе хлопчыкі атрымалі інваліднасць, у тым ліку Валодзя. Хлопец з дзяцінства любіў хадзіць у лес, і ўсе мясцовыя пра гэта ведалі, а калі знік, дапамагалі шукаць. Калі гэта адбылося, Тані было 18 гадоў.
— Мы і лес увесь абшукалі, і пад Воршу на роварах ездзілі (казалі, што нібыта бачылі яго там). Потым мы з мамкай у Друю ездзілі з міліцыяй, у псіхлякарню — і нічога. Аказалася, Вова невыразна прамаўляе сваё прозвішча. Калі глядзела відэа, заўважыла: ён замест «Пусцяк» сказаў нешта тыпу «Пушок» або «Пушак». Вядома, мы яго маўленне разумеем і ведаем, што ён там кажа, а незнаёмы чалавек можа і не зразумець.
Таццяна працуе ў мясцовым дзіцячым доме-інтэрнаце для інвалідаў. Ёй 44 гады, яна гадуе траіх дзяцей. Таксама з ёй жыве малодшы брат, таксама, як і Валодзя, інвалід.
— Недзе год таму нябожчык-муж мне раптам сказаў: «Таня, ён жывы! Ты сто адсоткаў яго яшчэ ўбачыш. У верасні мінулага года мужа забілі ў Маскве, а брат знайшоўся ў красавіку [гэтага года]. Аднаго Бог забраў, атрымліваецца, а другога аддаў. Мама заўсёды верыла, што Валодзя жывы, нягледзячы на тое, што столькі гадоў прайшло. А тата, паміраючы, сказаў: „Хоць на небе ўбачу яго“.
Зараз Валодзю 51 год. Дактары распавялі Таццяне, што яе брат хворы на анкалогію: у 2019-м яго прааперавалі, і цяпер ён у рэмісіі з чацвёртай стадыяй раку.
— Валодзю трэба будзе абследаванне, пакуль мы чакаем дакументы. Ён ужо адаптаваўся, ходзіць з малодшым братам Сяргеем і нашым сабакам хаскі ў лес і на возера купацца. І яшчэ песні стаў спяваць — ён раней спяваць любіў.