Міні-футбольны клуб з Воршы 1 верасня, у дзень работніка нафтавай. газавай і паліўнай прамысловасці, да якой належыць, правядзе сустрэчу на Суперкубак краіны. У Магілёве аршанцам будзе супрацьстаяць менская «Сталіца», даўні і прынцыповы супернік аршанцаў.
Старт паядынку прызначаны на 15-00.
Гэта ўжо 12-ы розыгрыш Суперкубку краіны ў гісторыі. Якраз «Вітэн» і «Сталіца» здабывалі яго найчасцей — па 3 разы. Прычым «Вітэн» два разы браў трафей менавіта ў Магілёве, дзе пройдзе гульня і сёлета. Аднойчы лёс трафею нават вырашалі ў Воршы. У гульнях на Суперкубак «Вітэн» загнаў 17 галоў, больш вызначалася толькі «Сталіца» — у яе 24 галы ва ўсіх розыгрышах. Гулец «Вітэну» Арцём Рось стаў адным з двух гульцоў, якія адзначыліся ў гульні на Суперкубак трыма галамі, было гэта ў 2020-м годзе.
Галоўны трэнер «Вітэну» Андрэй Чарніенка перад паядынкам заявіў, што трэнерскі штаб і гульцы падрабязна прааналізавалі памылкі папярэдніх сустрэчаў са «Сталіцай» і паспрабуюць іх болей не дапусціць.
Гульню можна будзе глядзець у жывым эфіры.