У Оршы і Магілёве 2-га кастрычніка адбудзецца другі тур адборачнай групы на чэмпіянат Еўропы сярод футбалістаў, не старэйшых за 17 гадоў. У першым туры беларусы згулялі ўнічыю 1:1 з чарнагорцамі, а каманда Кіпра была пераможана расейцамі 0:6.
Гульня Беларусь - Кіпр пачнецца а 15:00 на Гарадскім стадыёне Оршы. Уваход - вольны. Наш сайт правядзе анлайн-трансляцыю сустрэчы. Матч Чарнагорыя - Расея пачнецца а 18:00 на магілёўскім стадыёне "Спартак".
14-58 Наша каманда ў чырвонай форме, кіпрыёты ў белай.
15-08 Наша каманда пакуль валодае перавагай, але не ўсе атакі дасягаюць свайго лагічнага завяршэння.
15-10 Кіпрыёты парушылі правілы, беларусы падалі штрафны з левага флангу. Першы ўдар брамнік адбіў, але Красімір Капаў з менскага "Дынама" пасля некаторай мітусні мяча па штрафной моцна прабіў пад папярэчыну - 1:0 на карысць нашай каманды!
15-11 Пасля забітага голу ўсе футбалісты беларускай дружыны каршунамі пабеглі да лаўкі запасных і даволі горача адсвяткавалі ўзяццё брамы суперніка. Бачна, што мікраклімат у камандзе знаходзіцца на высокім узроўні.
15-14 У каманды Кіпра вельмі эмацыйны трэнер, падказкі следуюць адна за адной. І, што праўда, яны даволі эфектыўныя, кіпрскі калектыў актывізаваўся.
15-22 Беларусы падалі вуглавы, мяч адскочыў далёка за межы штрафное плошчы, абаронца беларускай каманды рашыўся на моцны ўдар, але мяч паляцей занадта высока.
15-25 Беларусы чарговы раз наступаюць на ўладанні астравіцянаў, першы ўдар брамнік Кіпра паспяхова адбівае, а аўтар першага гола Капаў з дабівання прабівае міма амаль пустой брамы. Неверагодна, але голу няма!
15-28 Гульня зборнай Кіпра ў абароне мітуслівая, можна нават сказаць, палахлівая. Абаронцы часта без поспеху спрабуюць проста вынесці мяч падалей, без задняе думкі. Камбінацыі беларусаў куды болей асэнсаваныя.
15-30 Прастрэл з левага флангу - брамнік кіпрыётаў ліквідуе пагрозу, перарываючы камбінацыю беларусаў сваім скачком па мяч.
15-31 Закід наперад ад кіпрыётаў - галкіпер беларусаў своечасова выходзіць на перахоп.
15-33 Падача беларусамі штрафнога - адразу два кіпрыёты кладуцца пад мяч і закрываюць таму шлях у сетку - вуглавы.
15-36 Неверагодны мяч у выкананні нашай зборнай! № 22 з правага флангу, метраў з 30, а то і болей накіроўвае мяч "парашутам" за каўнер брамніку Кіпра - 2:0!!!
15-38 Шанец беларусаў зрабіць лік больш буйным. На жаль, мяч размінаецца са створам.
15-41 Яшчэ адна камбінацыя беларусаў - мяч ідзе высока.
15-41 Свісток на перапынак. Поўная перавага беларускай каманды. Кіпрыёты не тое што не атакуюць, а амаль не валодаюць мячом! 2:0 пасля першага тайму на карысць Беларусі.
15-55 Футбалісты вярнуліся на поле.
15-56 Зборная Кіпра ўжо са старту другой паловы робіць дзве замены.
15-57 Другі тайм распачаўся!
16-01 Наступ беларусаў - кіпрыёты выбіваюць мяч на вуглавы.
16-05 № 16 зборнай Кіпра атрымоўвае жоўтую картку, зрыў перспектыўнай атакі беларусаў.
16-06 А вось і неспадзяванка. Адна з рэдкіх атак Кіпра, № 13 атрымлівае перадачу, разгортваецца ў штрафной плошчы беларусаў без нармальнай апекі і прабівае - 2:1.
16-08 Жах. Пазіцыйная грубая памылка беларускага абаронцы дазваляе форварду Кіпра пад № прарвацца да мяча і моцна прабіць - 2:2. Тое, што беларусы здабывалі цэлыя 40 хвілін першага тайму, кіпрыёты знішчылі за 3 хвіліны другога.
16-10 На трыбунах скандаванні: "Беларусь! Беларусь!", але і некалькі кіпрыётаў крыкнулі ў падтрымку сваіх.
16-10 Замена ў нашых у атацы. Калінейка замяніў Хлебасолава.
16-17 Пакуль гульня ў нечым паўтарае матч з Чарнагорыяй. Тады беларусы таксама валодалі яўнай перавагай у першай палове, а ў другой ад яе не засталося і следа.
16-19 Нападніка беларусаў выводзяць на рандэву з кіперам кіпрыётаў, першым на мячы брамнік. Сур'ёзнае абвастрэнне з боку нашай каманды.
16-21 Да канца гульні роўна 17 хвілін. Пара бы нашым забіваць.
16-21 Разбілася гульня беларусаў на рваныя эпізоды, кіпрыёты больш арганізаваныя пакуль.
16-22 Кіпрыёты адчулі магчымасць выйграць, здавалася б, прайграны матч.
16-28 10 хвілін да сканчэння матчу
16-31 Замест пачатку сваёй атакі беларусы абразаюцца, кіпрскі форвард прабівае міма брамы.
16-32 Нядбайная і няўважлівая гульня нашых футбалістаў сустракае буру негатыўных эмоцый з аршанскіх трыбун.
16-32 Адзін з беларусаў добра атакуе па правым флангу, аднак наносіць нямоцны ўдар - брамнік спраўляецца.
16-34 Пры ўкідванні аўта кіпрскі гулец прайшоў наперад метраў на 12 - арбітр ніяк не рэагуе.
16-35 Гэта крах. № 13 зборнай Кіпра забівае яшчэ адзін мяч у беларускую браму. 2:3.
16-36 Беларусы пры яўнай перавазе змаглі забіць двойчы, а кіпрыёты пры даволі роўнай гульні вызначыліся тройчы. У ліку 2:3 вінаватыя толькі самі нашы футбалісты.
16-37 Гулец Кіпра занадта цягне час пры сыходзе на замену. Адзін з нашых гульцоў не вытрымаў і пачаў яго падганяць.
16-38 Арбітры кампенсавалі 2 хвіліны да асноўнага часу.
16-40 Апошняя, відаць, атака нашых. Замест удару парушэнне ў атацы.
16-41 Абсурдная ў нейкім сэнсе параза зборнай Беларусі.Страта канцэнтрацыі і пройгрыш 2:3 у паядынку, які складваўся для нашых футбалістаў ідэальна. Віншуем зборную Кіпра. Ну а нашай камандзе застаецца толькі перамагаць зборную Расеі. Іначай нічога не будзе.
16-43 Выдатны жыццёвы ўрок для юных беларускіх футбалістаў: запомніце, хлопцы, у футбол гуляюць не з 1 па 40 хвіліны, а ад першай і да апошняй.