Чарговы раз спорт-бар "Ліга" прымала бітву "мазгабойцаў". Сярод усіх трох гульняў трэцяя была бадай самай непрадказальнай, угадаць пераможцу з-за шчыльнасці вынікаў было цяжка нават пасля перадапошняга, 6-га туру. Вызначальнае слова сказаў апошні, 7 тур - так званы "бліц", у якім каманда можа рызыкаваць. Прынцып у тым, што насупраць сваёй версіі адказу каманда можа паставіць "птушачку", у выпадку, калі яна ўпэўнена ў правільнасці варыянту. Правільныя адказы з птушачкай прыносяць 2 балы, але ў выпадку, калі каманда рызыкнула, але адказ няправільны, яна губляе балы.
Бліц стаў паспяховым для першых пераможцаў аршанскае "Мазгабойні", каманда "Звяз" стала і трэцім пераможцам. У апошнім туры "звязаўцы" набралі 13 пунктаў, і гэта дазволіла ім дагнаць навічкоў аршанскіх гульняў - калектыў "Памяркоўныя". У выніку абедзве каманды з беларускімі назвамі прыйшлі на фініш з 42 баламі. У выпадку роўнасці балаў улічваецца паспяховасць у бліцы, а ў ім "Звяз" набраў на 4 пункты больш за супернікаў. Замкнула тройку каманда "Брутальнее Брута", якая таксама цудоўна правяла бліц, набраўшы ў ім 11 пунктаў і агульную колькасць у 41 бал. Пераможцы навагодняй гульні каманда "Кому не лень" на гэты раз была 9-й, з 31 набраным балам.