"Мазгабойня" - інтэлектуальная гульня, якая прыйшла ў Оршу паўгады таму. Першая гульня адбылася на пачатку снежня, а на 14-га чэрвеня была прызначана Ліга чэмпіёнаў — гульня, якая падводзіла падрахунак першаму сезону. Да таго моманту былі праведзены 11 сустрэч эрудытаў, якія хоць раз выйгравалі 5 каманд. Менавіта гэты квінтэт каманд быў запрошаны ў спорт-бар "Ліга" на Лігу чэмпіёнаў. "Звяз", на рахунку якога было 7 перамог, а таксама "Кому не лень", "Соучастники", "Памяркоўныя" і "Команда-лаванда", якія здабылі па адной вікторыі. Вядома, што гульня, у якой не было выпадковых удзельнікаў, не магла не мець інтрыгі. Аднак хто б мог падумаць, што падзеі будуць разгортвацца такім чынам?!
Усе шэсць тураў, якія папярэднічалі супербліцу, у лідэрах была каманда "Соучастники". Калектыў са Шклова вельмі моцна праводзіў амаль кожны з тураў, у той момант калі супернікі памыляліся часцей. Перад супербліцам, які на гэты раз уключаў 10 пытанняў, ніхто не думаў, што ўсё пераменіцца кардынальным чынам. У бліцы "Звяз" набірае цэлых 16 балаў, пацвярджаючы свой "канёк" і здабываючы перамогу! "Кому не лень" набірае 12 балаў і становіцца 2-м. "Соучастники" супербліц правальваюць, набіраючы толькі 7 пунктаў і ў выніку становяцца толькі 3-мі.
Варта адзначыць, што ўсе пяць каманд адзначыліся тым, што маглі правільна адказаць на вельмі складанае пытанне, зададзенае арганізатарамі і на якое няправільна адказвалі супернікі. Бітва эрудытаў скончылася тым, што Кубак, найбуйнейшую бутэльку шампанскага і запрашэнне на сегвэй заваяваў "Звяз", поспех гэтай каманды невыпадковы, "Звяз" паказваў стабільную і моцную гульню цэлы сезон, а таксама правёў яго практычна адным складам. Пастаянныя ўдзельнікі - адзін са складнікаў поспеху гэтай каманды. Срэбраныя прызёры сезону з каманды "Кому не лень" таксама не ўносілі шмат зменаў у каманду па ходу сезону і ўдасканальвалі сваё майстэрства ад гульні да гульні. "Соучастники" прадэманстравалі, што і ў Шклове ёсць людзі, здольныя паказваць вельмі высокія вынікі і слушна адказваць на пытанні, якія не "бяруць" канкурэнты. "Команда-лаванда" і яшчэ адна шклоўская каманда "Памяркоўныя" не толькі не сапсавалі фінальнай гульні, але і ўпрыгожылі яе сваім удзелам.
Разыгрываўся ў гэты вечар і іншы залік, пераможца якога атрымліваў пуцёўку ў наступную Лігу чэмпіёнаў. Лепшай камандай стала "Ника", якая доўга ішла да перамогі, часта была ў прызёрах. Фотаздымкі прадстаўленыя афіцыйнай суполкай аршанскай "Мазгабойні" Укантакце.
Стала вядомай дата пачатку другога сезону "Мазгабойні", стартавая гульня прызначана на 7-га ліпеня.