Раён Чаромушкі не самы стары ў Оршы. На яго месцы раней стаяў лес, які адасабляў горад ад самой чыгункі. Кароткая вуліца Паркавая, на якой цяпер ёсць аўтобусны прыпынак з такой назвай, раней якраз звязвала горад з чыгункай. Пачынаецца раён, як прынята лічыць, з чыгуначнага маста, які падзяляе вуліцы Пагранічная і Якубоўскага. Ёсць у Чаромушках і вельмі адметныя крамы, якія не змяняюць сваю назву і месцазнаходжанне гадамі. “Румено”, “Гарызонт”, іншыя. Крама “Гарызонт” у 80-90-я мела дурную славу. Справа ў тым, што там часта адбываліся “наезды” раёншчыкаў адзін на аднаго – мясцовыя байцы не прапускалі магчымасці пачасаць кулакі. Цяпер гэтыя часы даўно мінулі. У 74-м доме па вуліцы Міру доўга знаходзіўся піўны бар “Joker”, які пэўны час аказваў дапамогу валейбольнаму клубу “Узлёт”.
На краі Чаромушак стаіць турма. Будынак быў узведзены ў перыяд з 1902 па 1917 гады і выконваў функцыі перасыльнай турмы, у якую часова накіроўваліся для далейшага размеркавання па месцах зняволення вязні з усёй Расейскай імперыі, пад акупацыяй якой у тыя гады знаходзілася Орша. Побач з турмой – чыгунка.
На месцы знакамітага завода “Легмаш” знаходзілася балота, якое потым высушылі. Балота знікла, відаць, з-за свідравіны для вады, якую зрабілі ў Чаромушкінскім парку. Парк гэны быў істотна скарочаны ў памерах у апошнія гады. Для пабудовы новых дамоў было высечана шмат дрэваў. Таксама ў Чаромушках знаходзіцца сырзавод, былы начны клуб “Оса”, пра існаванне якога яшчэ нагадваюць старыя элементы “дэкарацыі”. Манеж аршанскай СДзЮШАР, у якім займалася будучая чэмпіёнка Аліна Талай, спартовы комплекс з басейнам, паліклініка.
Некаторыя жылыя дамы маюць аздабленне арнаментамі і надпісамі. На адным з дамоў за крамай “Гарызонт” цаглінамі выкладзены надпіс “Ленин – 100”.
Загадкай з'яўляецца сама назва раёна "Чаромушкі". Наконт яе ўзнікнення ёсць розныя версіі. Мы прапануем чытачам, якія маюць нейкую інфармацыю наконт гэтага - падзяліцца з намі ў каментарах.
Глядзець фотагалерэю "Раёны Оршы. Чаромушкі".