Алесь Шутаў далучыўся да грамадскай дзейнасці калі яшчэ быў студэнтам хімфаку БДУ - тады ён увайшоў у склад БНФ "Адраджэнне". У канцы 90-х Алесь стаў адным з заснавальнікаў шэрагу моладзевых грамадскіх арганізацый, у тым ліку, "Звяз", які і зараз застаецца адзінай зарэгістраванай моладзевай грамадскай арганізацыяй у рэгіёне, якая з'яўляецца альтэрнатывай праўладным арганізацыям.
Далучыўся Алесь Шутаў і да стварэння нашага сайта - менавіта ён дамаўляўся пра тэхнічную частку яго стварэння. І доўгі час быў яго рэдактарам.
На мінулым тыдні Алесь Шутаў звярнуўся да дактароў, якія дыягнаставалі ў яго пнеўманію, давялося легчы ў бальніцу. Лячэнне ішло як след і яшчэ ўчора Алесь быў бадзёрым, жартаваў, размаўляў пра працяг працы, вырашаў бягучыя пытанні і планаваў дзейнасць на бліжэйшыя тыдні. Але познім вечарам яго радні прыйшло паведамленне пра смерць.