Аршанскі піўзавод быў заснаваны ў 1883 годзе і быў адным са старэйшых бровараў у Беларусі. Да 1919 года завод належаў сям'і Вайнбергаў, пра што нават зняты дакументальны фільм. А потым новыя савецкія ўлады яго нацыяналізавалі. У 20-ых на завод прыйшоў працаваць півавар Ян Смажэк, у гонар якога ў 90-ых быў выпушчаны імянны гатунак піва. Прапрацаваў ён на заводзе больш за 30 гадоў. У 1928 годзе завод быў перададзены пладова-ягаднаму камбінату, які займаўся на заводзе вытворчасцю фруктовых сокаў і варэннем піва. У 70-я гады адбылася маштабная рэканструкцыя Аршанскага піўзавода паводле тэхналогіі славацкай піваварні (тады яшчэ — аб'яднаная Чэхаславаччына) Urpin з горада Баньска Быстрыца.
Многія гатункі аршанскага піва былі досыць высокай якасці, былі названыя ў гонар важных месцаў і падзеяў у Беларусі. У канцы 80-х гадоў піўзавод стаў выпускаць усё менш піва, хоць з'яўляліся новыя гатункі - «Боярин Орша», «Брава», «Гасцінец», «Джокер», «Ильинское», «Каляднае», «Куцеінскае», «Мастер Смажек», «Молодёжное», «Спадар», «Сучаснае», «Тамада», «Тры волаты» і безалкагольнае піва. У 2003 годзе прадпрыемства стала Адкрытым акцыянерным таварыствам, але гэта не ўратавала яго ад банкруцтва, што наступіла ў 2006 годзе.
Ужо больш за 10 гадоў Аршанскі піўзавод не працуе, некаторыя будынкі былога прадпрыемства не дайшлі да нашага часу, што наш сайт аднойчы і дэманстраваў у адмысловым матэрыяле "Што засталося ад Аршанскага піўзавода?". На тэрыторыі былога завода выкарыстоўваюцца некалькі гаспадарчых складаў. Але, нягледзячы на дзесяцігадовае занядбанне, унутры асноўнага будынка Аршанскага піўзавода засталося яшчэ шмат цікавостак, старых дакументаў, цэтлікаў ад піва, бутэлек, рэчываў, ёмістасцяў, плакатаў, бутэлечных коркаў.
Карэспандэнты Orsha.eu правялі поўны адкрыццяў час унутры старога піўзавода, візіт адбыўся яшчэ ўлетку 2016 года. Цяпер у адмысловай фотагалерэі "Аршанскі піўзавод знутры" мы апублікавалі шмат унікальных здымкаў таго, якімі сталі кабінеты, лабараторыі і залы прадпрыемства праз 10 гадоў пасля закрыцця знакамітага прадпрыемства.