12:00

+5

2 м/с

1009 гПа

15:00

+6

2 м/с

1008 гПа

18:00

+5

2 м/с

1008 гПа

21:00

+5

2 м/с

1008 гПа

00:00

+5

1 м/с

1008 гПа

Орша, Общество

Чаму бабуля пайшла супраць унучкі?

22.11.2017 11:00

3901 просмотр, 17 комментариев

У Оршы маці з 11-гадовай дачкой рашэннем суда выселілі ў горшую палову дома (фота + дакументы).

Зацятая судовая вайна паміж былымі свякроўю і нявесткай адбываецца ў Оршы. Дом на вуліцы Маякоўскага стаўся прадметам спрэчкі ўжо даўно. У 2005 годзе Наталля Напалкава выйшла замуж, прычым яшчэ да шлюбу, у 2005-м абодва сужэнцы прадалі свае кватэры, каб разлічыцца з даўгамі мужа. Даўгі гэтыя, паводле словаў спадарыні Наталлі, узніклі пасля непрадуманых дзеянняў мужа на заробках у Расеі. Ён пазычаў грошы ў шэрагу людзей, і потым давялося разлічвацца. Шлюб распаўся, былы муж Станіслаў знайшоў сабе жанчыну ў Расеі, а Наталля засталася жыць у Оршы з сынам Аляксандрам ад першага шлюбу і дачкой Веранікай ад шлюбу са Станіславам. Здавалася б, на разводзе гісторыя і скончыцца. Але яна толькі пачалася. За апошнія гады назапасілася шмат дакументаў, адных толькі судовых пасяджэнняў быў дзясятак.

3-га студзеня 2013 года судом Оршы і Аршанскага раёну дом быў прызнаны сужэнскай уласнасцю Станіслава і Наталлі, якія развяліся. Станіслаў да разводу вывез рэчы з дома, а колішняя свякроў, карыстаючыся даверанасцю ад сына, звярнулася ў адпаведныя органы, каб адключыць святло ў доме. Пры гэтым зайсці ў дом спецыялісты не змаглі, спаслаліся на словы свякрові аб “немагчымасці доступу ў дом”. Хаця ключ у свякрові быў заўсёды, ніякім рашэннем ключ ніхто не адбіраў. 9-га лютага 2013 года святло было адключана, і ніхто са спецыялістаў не паглядзеў на тое, што ў доме жыве непаўналетняя Вераніка. Падчас першых судовых слуханняў суд Оршы і Аршанскага раёну не прыняў да разгляду шэраг дакументаў, у тым ліку квітанцыі Наталлі Напалкавай на аплату ўсіх паслуг. Толькі праз паўтара гады святло ўдалося вярнуць, але дзеля гэтага спатрэбілася не раз звяртацца з дакументамі ў розныя інстанцыі.

Станіслаў падарыў маці сваю частку. Як толькі свякроў аформіла ўсе правы на сваю частку дома, яна адразу прапанавала нявестцы выкупіць яе, напісала пра тое ў лісце, а затым паўтарыла прапанову ў судзе. Па словах Наталлі Напалкавай, гэта яскрава сведчыць пра тое, што тая ніколі і не збіралася пражываць у спрэчным доме па Маякоўскага. Нявестка адмовілася купляць другую палову дома ў свякрові па “завоблачным кошце”. Хаця сама спадарыня Валянціна Фалага казала, што жыць там збіраецца і хоча глядзець за сваім участкам. У Адзіным дзяржаўным рэестры нерухомай маёмасці на яе зарэгістраваны дом у вёсцы Свісцёлкі, які апісаны як “Будынак аднакватэрнага жылога дома”. А ў судзе пры старшынстве тады яшчэ намесніцы старшыні суда Аршанскага раёну Алесі Котавай будынак быў зафіксаваны як дачны домік, у якім немагчымае пастаяннае пражыванне чалавека.

У доме па Маякоўскага было праведзена БТІ (бюро тэхнічнай інвентарызацыі), у выніку дом падзялілі на дзве паловы, а частка “мяжы” ад таго часу стала праходзіць па сцяне. Зрэшты, сцяна пазначана на схеме дома, прадстаўленым дзяржаўнай арганізацыяй, але насамрэч, як давялося ўпэўніцца orsha.eu, гэта проста пячная труба, у якую з лёгкасцю праходзіць шампур для шашлыкоў. Пры гэтым схемы дому адрозніваюцца, як адрозніваюцца і дакументы, у розны час прадстаўленыя ў суд. На схемах памяшкання, якія захавала Наталля Напалкава, ёсць печка. На схемах, да якіх звяртаецца свякроў паводле праведзенага БТІ, паказана сцяна. Як удалося ўпэўніцца, насамрэч там печка. Затым была праведзена новая інвентарызацыя, якая выправіла грубую памылку ў схеме дома.

Неадпаведнасць у дакументах, на якую чамусьці не звярнуў увагі суд, датычыцца і года пабудовы дома. У тэхнічным пашпарце на дом ад 22.02.2006 пазначана, што пабудаваны ён у 1947 годзе, а тэхнічны пашпарт ад 27.08.2014 дом “амаладзіў”, адносячы яго да 1956 года. Суд вырашыў падзяліць дом напалам, прычым свякроў атрымала палову, па якой праходзяць усе камунікацыі, газ, электрычнасць і водазабеспячэнне.

Свякрові, якая жыве адна, дастаўся жылы пакой на 29,4 кв.метры, а нявестцы, якая пражывае разам са сваімі дзецьмі, Аляксандрам і Веранікай, жылы пакой памерам 17,3 квадратныя метры, які органы апекі назвалі больш прыдатным месцам для пражывання непаўналетняй Веранікі. Маці пратэстуе супраць такога рашэння і лічыць, што ён лепш відаць, дзе яе дачцэ будзе камфортней жыць.

Такім чынам, аршанскі суд падзяліў дом паводле схемы, прапанаванай свякроўю. У той частцы дома, якая дасталася нявестцы з дзецьмі, не праходзяць ніякія камунікацыі. Колішні муж падарыў сваю 1/2 дома маці, а сам даўно знаходзіцца ў Расеі, Наталля Напалкава ў 2013 годзе нават падавала ў вышук на колішняга мужа, каб ён прымаў хоць нейкі ўдзел у выхаванні дачкі. Аднак праверыць яго даходы і абставіны жыцця немагчыма, бо сам бацька Веранікі з 2010 года не з’яўляецца ў Беларусі. Аліменты на 11-гадовую дачку выплочваюцца нерэгулярна.

Звернемся да дакументаў, каб зразумець, чым кіраваўся суд, калі выносіў свой вырак. З дакументаў следуе, што рашэнне прынятае лагічна, ідуць спасылкі на органы апекі, заключэнне даў аддзел адукацыі. Усе арганізацыі ў спрэчцы аказаліся на баку свякрові. Але вывучаліся дакументы не старанна. Судова-экспертная калегія фактычна ўхваліла перадачу для маці з маленькай дачкой паловы дома без інжынерных сістэм. Ёсць матэрыял з экспертызы ад 18.01.2016, у якім распісана, дзе праходзяць камунікацыі ў доме. Але выглядае на тое, што ніводная з высокіх інстанцый не вывучыла падрабязна дакументаў. Пракуратура Оршы, Аддзел адукацыі Віцебскай вобласці, Аршанскі райвыканкам, Аршанскі гарадскі адзел адукацыі, Міністэрства адукацыі… Ва ўсе гэтыя арганізацыі Наталля Напалкава пісала звароты, але адусюль прыходзіў прыкладна аднолькавы адказ аб тым, што спецыялісты правільна вызначылі частку дома, якую належыць вылучыць маці з непаўналетнім дзіцём.

У заключэнні Аршанскага аддзелу адукацыі, складзеным для суда, паведамляецца, што для маці з дачкой вылучылі палову дома з ваннай і прыбіральняй. Але насамрэч яны не функцыянуюць, бо ўся каналізацыя знаходзіцца на палове дома, вылучанай Фалазе В.І. Фотаздымкі пацвярджаюць гэтыя словы. Дарэчы, у палове дома, дадзенай маці з дачкой, адсутнічае кухня, яна якраз у іншай палове, дзе і ўсе камунікацыі. Як гатаваць дзіцяці ежу? На дакуменце подпіс: “Заведующая сектором И.А.Хамицевич”.

Асобная мова і пра суадносіны рэальнай і ідэальнай доляў. Былая свякроў прапанавала самы дарагі варыянт падзелу дома – 20 640 465 рублёў (да дэнамінацыі). Былая нявестка прапаноўвала падзел дому сумай 3 984 655 рублёў.

Пра многія рэчы скажуць самі дакументы. Тэхнічныя даводзяць, што маці з дачкой аддадзена горшая палова дома, гэта падмацоўваецца і фотаздымкамі з месца, а ўсе афіцыйныя паперы з адказамі органаў, камітэтаў і аддзелаў бяруць пад увагу папярэднія і часта неактуальныя заключэнні. Напрыклад, з Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту не паступала распараджэнняў аб пераглядзе тэхнічнага стану дома, яго дзвюх паловаў, там проста заявілі, што парушэнняў заканадаўства з боку бабулі ў дачыненні да яе ўнучкі ў пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў не ўсталявана. Гэта заключэнне першага намесніка начальніка Л.М.Сцяпанава.

Пракуратура Аршанскага раёна і Віцебскай вобласці фактычна прадублявала ліст ад Аршанскага аддзелу адукацыі і абвінаваціла Наталлю Напалкаву ў тым, што тая наўмысна пагоршыла жыллёвыя ўмовы пражывання сваёй непаўналетняй дачкі. Дакумент прыйшоў за подпісам пракурора Аршанскага раёна Ігара Белавусава. У афіцыйнай паперы падкрэслена, што маці з дачкой не высяляюць з дома, а толькі перасяляюць у іншую частку, якая прызнаная аддзелам адукацыі і іншымі арганізацыямі лепшай для пражывання непаўнагадовага дзіцяці. У плане трактоўкі напісана абсалютна правільна: Наталлю Напалкаву з дачкой Веранікай па суду сапраўды не выселілі, а толькі перасялілі, аднак як растлумачыць вялікі замок на ўваходнай браме ў дом? Ключы да яго ёсць толькі ў бабулі, а Наталля вымушаная праходзіць у аддадзеную ёй судом частку дома… праз участак суседзяў. Кожны раз прасіць іх дазволу і прабірацца праз гранкі капусты і бульбы.

Рашэнне суда затым уступіла ў законную сілу. Свякроў зарэгістравала план перабудовы дома, які пацвердзілі ўпаўнаважаныя арганізацыі: Раённы выканаўчы камітэт і галоўны архітэктар горада. Яна, хоць і не пражывае ў доме, але змяніла замкі, у выніку чаго Наталля са сваёй дачкой не маглі трапіць у палову дома, дзе пражывалі да гэтага і якую лічаць лепшай часткай дома. У новым акце абследвання ўмоў жыцця і выхавання непаўналетняга, які быў зацверджаны Аддзелам адукацыі, спорту і турызму, пазначана, што ў той палове дома, якую раней па суду аддалі сям’і, адсутнічае каналізацыя, а таксама ў доме трэба правесці ўстаноўку газавай пліты паводле новага праекту “Оршагазу”.

18-га жніўня Наталля Напалкава ў сваёй барацьбе дайшла да старшыні Вярхоўнага суда. Адтуль 2-га кастрычніка ў Прэзідыюм Віцебскага абласнога суда быў накіраваны адказ, што вызначэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах падлягае скасаванню, а справа – накіраванню на новы касацыйны разгляд. Цікава, што практычна паралельна з гэтым, 3-га кастрычніка, намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Алег Смірноўскі даслаў Наталлі Напалкавай афіцыйны адказ на яе зварот, у якім напісана, што заключэнне, выдадзенае 23.10.2015, законнае, праведзена праверка, якая гэта яшчэ раз пацвярджае. Хаця, калі падняць старыя дакументы, бачна, што праверку ўмоў утрымання непаўналетняй Веранікі праводзіла іншая супрацоўніца, а не тая, якая напісаная ў афіцыйным адказе райвыканкама. Атрымліваецца, афіцыйны дзяржаўны орган не лічыць патрэбным нават знаёміцца з дакументамі, якія прадастаўляюцца для пацверджання скаргаў на рашэнні судоў?

У Вярхоўным судзе ж вызначылі, што рашэнне суда першай інстанцыі незаконнае, бо падзел дома па схеме № 2 пакінуў сям’ю ў той частцы, якая не абсталявана інжынернымі камунікацыямі. Акрамя таго, папярэднія інстанцыі не разглядалі, ці карыстаецца свякроў гародам, які ёй вылучылі для карыстання. У дакуменце, падпісаным намесніцай старшыні Вярхоўнага суда Жаннай Шкурдзюк, паведамляецца аб тым, што суд касацыйнай інстанцыі не разгледзеў усіх абставінаў справы, і таму яна накіроўваецца на новы разгляд, а папярэдняе рашэнне адмяняецца. У дадатак, даручэнне па-сапраўднаму разабрацца ў сітуацыі падначаленым, у прыватнасці, гарадскому аддзелу адукацыі і яго кіраўніку Андрэю Загурскаму, аддаў новы старшыня райвыканкаму Аляксандр Пазняк. Аднак адпаведныя органы прызналі памылкі сваіх супрацоўнікаў толькі тады, калі Вярхоўны суд выявіў памылкі і недакладнасці, дапушчаныя папярэднімі судамі.

Пратэст Вярхоўнага суда ў Прэзідыюм Віцебскага абласнога суда быў накіраваны 27.10.2017. А ўжо 23.11.2017 у Віцебску чакаецца пасяджэнне абласнога суда па гэтай справе. Ці прыслухаецца абласны суд да маці з непаўналетняй дачкой, ці палічыць іх аргументы правільнымі? Даведаемся ў чацвер.

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Чаму бабуля пайшла супраць унучкі?

У Оршы маці з 11-гадовай дачкой рашэннем суда выселілі ў горшую палову дома (фота + дакументы).

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение