Круглы стол быў разбіты на тры часткі. У першай частцы мерапрыемства сябры арганізацыі і прыйшоўшыя на мерапрыемства людзі паспрабавалі паставіць "дыягназ" стану роднага слова на Аршаншчыне. У гэтай частцы выказвалася шмат праблемаў і прычынаў гэтых праблемаў. Сярод іх: мэтанакіраваная русіфікацыя з боку ўладаў, якая ішла ў краіне доўгі час, русіфікацыя (ці хутчэй, як многія казалі, адмаўленне ўсяго цывілізаванага на карысць папсы) з боку асобных аршанскіх чыноўнікаў, неразуменне самімі жыхарамі Оршы каштоўнасці роднай беларускай мовы.
У другой частцы круглага стала прысутныя больш зарыентаваліся на пытанне, "а што ж цяпер рабіць з гэтым?" Прысутныя распрацавалі некалькі варыянтаў стварэння беларускіх адукацыйных курсаў, фармат правядзення беларускамоўных мерапрыемстваў у Оршы. Акрамя таго была паднята праблема шыльдаў у Оршы. Улічваючы, што большасць камерцыйных установаў у нашым горадзе называюцца або зусім не запамінальнымі назвамі, або нават алагічнымі, была прапанавана ідэя стварэння бясплатнай базы дадзеных для прадпрымальнікаў па назвах, якія былі б больш арыгінальнымі, запамінальнымі і мелі б дачыненне да мясцовай аршанскай спецыфікі.