Усім вядомы выраб кампаніі Ferrero “Rafaello”, рэкламу дадзенага ласунку бачылі ўсе, у каго ёсць дома тэлевізар. Але мала хто ведаў, што прадукцыя кампаніі на тэрыторыю Беларусі і не толькі вырабляецца ў Воршы. Але не ў нашым горадзе, які ў адным з варыянтаў беларускай граматыкі пішацца менавіта так. Гаворка ідзе пра сяло ва Уладзімірскай вобласці Расеі. На расейскай мове яно пішацца якраз такім чынам — “Ворша”. Там пабудавана кандытарская фабрыка “Ферреро”, якая і вырабляе ў тым ліку вядомыя “рафаэлкі”. Такім назіраннем у сваім фэйсбуку падзяліўся журналіст Арцём Сізінцаў. Фабрыка ў Воршы — частка закрытага акцыянернага таварыства “Ферреро Руссия”.
Адзначым, што ў Расеі не адна падобная назва “Орша” і “Ворша”, што пацвярджае фіна-вугорскае паходжанне кораня гэтага слова і паказвае на рассяленне фіна-уграў. Як прыклады – горад Орша ў Цвярской вобласці, гарады Орск, Арэнбург (па-расейску “Оренбург”) і некаторыя іншыя. Гэтая назва стала распаўсюджанай у рэгіёнах, дзе жылі і бывалі фіна-угры.