29-гадовы капітан Аляксей Мензурэнка загінуў 30-га чэрвеня. Ён служыў у вайсковай часці 28212, што месціцца ва Ўруччы, у Менску. Мужчына ўпаў на тэрыторыі парку тэхнікі і атрымаў траўму галавы. Аднак замест медыцынскай установы яго прывезлі па месцы пражывання — у інтэрнат. Там ён памёр. Здарэнне адбылося 29-га чэрвеня, на наступны дзень Аляксея не стала. Па ім засталіся жонка і 7-гадовы сын.
У Міністэрстве абароны пацвердзілі факт смерці афіцэра, але дэталяў паведамляць не сталі. “30 чэрвеня, знаходзячыся дома, у інтэрнаце, памёр афіцэр. Прычыны смерці высвятляюцца кампетэнтнымі органамі”, — пракаментаваў TUT.BY тое, што здарылася Уладзімір Макараў, кіраўнік прэс-службы абарончага ведамства.
Маці Аляксея Мензурэнкі ўжо прыязджала з Оршы ў Мінск, размаўляла са следчым. Яна таксама сцвярджае, што капітана адвезлі з часці не ў бальніцу, а ў інтэрнат.
“Паклалі ў пакоі і папрасілі суседку прыглядаць за ім. Яна прыходзіла ў 23.00 [29 чэрвеня], ён яшчэ быў жывы, спаў, а раніцай 30-га — ужо мёртвы, — распавядае Святлана, маці загінулага вайскоўца. — Ускрыццё паказала, што ў яго “тупая траўма галавы”. Ніякіх падрабязнасцяў не ведаю: ён сам упаў, яго штурхнулі ці ўдарылі”.
У пакой сына ў інтэрнаце жанчына не змагла трапіць, яго апячаталі. Цела Аляксея пяць дзён праляжала ў моргу, родныя загінулага чакаюць хоць якіх-небудзь падрабязнасцяў, што ж адбылося.