Баяніст Аляксандр Ясінскі распавёў пра сваё цяперашняе жыццё і заявіў, што аддзелаў ідэалогіі не павінна быць у прынцыпе. Тым часам у Беларусі адных толькі афіцыйных ідэалагічных работнікаў некалькі тысяч. Адна з такіх — Ганна Святлова — была "прыстаўлена" да сферы культуры і за некалькі гадоў на сваёй пасадзе адмяніла дзясяткі канцэртаў розных стыляў музыкі і дзясяткі іншых мерапрыемстваў. Нарэшце Святлова сваёй пасады пазбавілася, адбылося гэта яшчэ пры мінулым кіраўніку Аршанскага райвыканкама Аляксандры Пазняку. Яе апошнім "акордам" стала абсурдная забарона канцэрту Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага, якім нідзе больш у Беларусі не чынілі такіх перашкод, як у Оршы. Гэта ў інтэрв'ю tut.by і прыгадаў Аляксандр Ясінскі, адзначыўшы, што ў Беларусі не месца ідэолагам і ім далёкім ад рэальнай культурніцкай сферы поглядам. Прыводзім вам фрагмент інтэрв'ю.
У Баранавічы Аляксандр стараецца вяртацца кожны год. У тым ліку — з канцэртамі, якія маглі б сфарміраваць чыйсьці добры густ. Напрыклад, у лютым разам з Сяргеем Доўгушавым ён зладзіў невялікі канцэртны тур — па Баранавічах, Брэсце, Мінску, Оршы, Віцебску, Магілёве. Выступаў дуэт з песнямі, запісанымі на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса (дарэчы, паслухаць альбом можна тут).
— У Оршы наш канцэрт забаранілі, таму мы гралі кватэрнік (фота і відэа кватэрніка — orsha.eu). Канешне, вельмі абурыліся, што ў горадзе Караткевіча нам забаранілі граць музыку на яго вершы. Прытым што ніякіх палітычных і ідэалагічных падтэкстаў у выступе не было.
У Беларусі Аляксандр не жыве восем гадоў, але ўжо адвык ад такіх з’яў, як аддзелы па ідэалагічнай працы.
— Такія аддзелы трэба расфарміроўваць, такога не павінна быць! Загадам аддзела па ідэалагічнай працы немагчыма дасягнуць ніякага ідэалагічнага ўчынка. Калі вы хочаце кіраваць людзьмі, прыдумайце штосьці больш цікавае і схаванае. Браць дазвол на канцэрт?! Дасылаць тэксты перад выступам?! Я разумею: дзесьці можа здарыцца, што неадэкватныя расісты зладзяць канцэрт і будуць прапагандаваць на ім нешта сваё. Але ў здаровым грамадстве яны будуць заўважныя, і людзі абыдуць іх бокам.