Вёска Межава Аршанскага раёна перасягнула парог экалагічнай катастрофы. У аграгарадку не назіраецца актыўнага жыцця, планы ўладаў па адраджэнні вёскі, як і ўва многіх іншых месцах, відаць, праваліліся. А мясцовыя жыхары вымушаныя ўдыхаць нездаровае паветра. Справа ў тым, што палі фільтрацыі, зробленыя раней эксперыментальнай базай "Межава" (дарэчы, у 2013 годзе дырэктар гэтай базы Радзівілін быў асуджаны за прыпіскі. У дакументы ўнеслі значна больш цялятаў і малака для іх, чым было на самай справе. Тады чыноўнік атрымаў год пазбаўлення волі), ужо даўно не функцыянуюць так, як павінны. А мясцовая станцыя, якая прадухіляла ручай, возера і раку ад бруду з каналізацыі, цяпер не працуе. У самым цэнтры вёскі, акурат каля сельсавету, царквы Серафіма Сароўскага і рэштак былой вінакурні Любамірскіх стаіць страшны смурод. Прычым экалогія з-за адсутнасці ачышчальных збудаванняў парушаецца не толькі ў Межаве, але і ў іншых мясцовасцях Аршаншчыны, у тым ліку самой Оршы. Бруд выліваецца ў вадаёмы, а рака Скуп'я, якая з'яўляецца правым прытокам Аршыцы, з кожным месяцам усё больш убірае ў сябе прадукты жыццядзейнасці чалавека.
Мясцовыя жыхары наракаюць на тое, што ні санітарна-эпідэміялагічная станцыя, ні райвыканкам да праблемаў Межава не прыслухоўваюцца і мясцовасць не даследуюць. А тым часам ёсць засцярогі, што такая сітуацыя з экалогіяй можа пацягнуць вялікія праблемы як з прыродай, так і са здароўем людзей. Патрабуецца аператыўнае ўмяшальніцтва.