Наш сайт завяршае падвядзенне вынікаў 2018 года для Оршы і Аршанскага раёну. Застаўся апошні месяц — снежань. Самымі папулярнымі артыкуламі сярод нашых чытачоў сталі матэрыялы з "чорным" зместам, пра розныя здарэнні. Аварыя каля касцёла св.Язэпа, пажар у новым корпусе бальніцы ім.Сямашкі, надзвычайнае здарэнне на "Чырвоным барацьбіце", поўнае знішчэнне агнём 2-павярховага дома на Задняпроўі, гібель дзвюх аршанак у аўтааварыі па вяртанні з Масквы.
Вялікую колькасць праглядаў і каментароў выклікалі словы старшыні Аршанскага райвыканкама Ігара Ісачанкі, які напярэдадні Новага года адсправаздачыўся тэлеканалу АНТ, заявіўшы пра вялікія поспехі, дасягнутыя ва ўжо знакамітай барацьбе Оршы па выхадзе з "руінаў і попелу". У самім горадзе тым часам улады зноў увялі міліцэйска-вайсковае ўзмацненне, не патлумачыўшы жыхарам ніякай прычыны, чаму гэта робіцца.
Адбылося ўрачыстае адкрыццё лінейнага цэнтра транспартнага абслугоўвання "Орша".
Ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" ў гэтым месяцы распавяла пра Самуіла Шліфенсона — бальшавіцкага кАта, які знішчаў пад Оршай беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў як "ворагаў народа", старанна праводзіў палітыку Сталіна, але сам стаўся яе ахвярай. Матэрыял пра дзейнасць бальшавіцкага злачынцы набраў на момант публікацыі дадзенага артыкула звыш 80 каментароў.
Большасць чытачоў Orsha.eu у адмысловым галасаванні выказалася супраць элітнага раёна, які сабраліся пабудаваць чыноўнікі на беразе Адрова.