12:00

-2

5 м/с

981 гПа

15:00

-1

5 м/с

982 гПа

18:00

-3

4 м/с

984 гПа

21:00

-2

6 м/с

987 гПа

00:00

-3

5 м/с

990 гПа

Регион, Общество

«Твой курс хацеў зрабіць пераварот!»

02.02.2019 10:23

4661 просмотр, 26 комментариев

Інтэрв’ю з Юрыем Нагорным у дзвюх частках. Частка 1. Скандальны ліст-68 і музей «Тамарына сядзіба»

У студзені вядомы грамадскі дзеяч, былы мэр Барані і настаўнік Юрый Нагорны адсвяткаваў сваё 70-годдзе. З гэтай нагоды мы папрасілі аб інтэрв’ю з юбілярам. У першай частцы размовы Юрый Аляксандравіч распавёў Orsha.eu пра скандальны ліст беларускіх студэнтаў 1968 года, які стаў вядомы на ўвесь СССР як «нацыяналістычны», пра сваю настаўніцкую практыку, а таксама пра музей сям’і Нагорных і экспанаты для яго.

- Юрый Аляксандравіч, першаснай нагодай для інтэрв’ю паслужыў ваш юбілей. Ад імя ўсёй рэдакцыі Orsha.eu віншуем вас з Днём нараджэння! Распавядзіце, калі ласка, пра вашы першыя гады.

- 70 гадоў таму, 20 студзеня на хутары Мондзіна на Наваградчыне нарадзіўся я ў сваіх матулі Вольгі і татулі Аляксея. Якраз была зіма, маразы, маме было цяжка ехаць з хутару ў бальніцу. Бацька знайшоў каня ў калгасе, і ў валеўскай бальніцы амбулаторнай я ўпершыню закрычаў, у далёкім 1949 годзе. Быў першым дзіцём у сям’і, маме тады было 25.

- Як вы пайшлі ў школу, што значыла вучоба ў тыя часы на Наваградчыне?

- Суседнім быў хутар Анішчыкаў. Аляксей Анішчык – вядомы педагог, дысідэнт, аўтар «Мондзінскай балады», у якой апісваецца наш край. Паходжанне назвы Мондзіна дакладна не ўсталяванае. Адна з версій – тут пасля вайны 1812 года застаўся французскі жаўнер. Жыў тут і гаварыў «Мон дз’е», што значыла «Мой бог». Цудоўнейшая гарыстая мясцовасць, часам яе называюць беларускай Швейцарыяй. Чысцюткая рачулка Нёўда, у якой вадзілася стронга. Тата казаў на гэтую рыбу «пстронг». І тады я, калі быў студэнтам, запытваў «Тата, а чаму ты называеш яе так?», а ён адказваў «Таму што вельмі спрытная, не паспееш утрымаць – тады яна пстрык, і сышла». Цяпер Нёўда зарасла, вёска стаіць амаль без жыхароў. Жывая яшчэ бацькоўская хата, за ёй крыху глядзіць сястра.

Вучыўся я ў пачатковай школе ў вёсцы Катлова, якая побач з намі, затым яе ў 60-я камуністы перайменавалі ў Чаромушкі. Настаўнік быў Аляксандр Мікалаевіч Панасенка. Ва ўсіх пачатковых класах там можа чалавек 20 вучылася, не больш. Ну, а ў сярэднюю школу я пайшоў у Валеве. Гэта цэнтр сельсавету, вялікае разбудаванае мястэчка, мае сваю старадаўнюю гісторыю. Там была цікавая царква ўніяцкая 17 стагоддзя, збудаваная з дрэва без адзінага цвіка! Пра яе ў кнізе «Беларускае золата» напісаў Уладзімір Хільмановіч. І побач была валеўская сярэдняя школа, у якой я вучыўся. Адна з лепшых у Наваградскім раёне. Там я пайшоў у 5 клас. Маім класным кіраўніком стаў вядомы педагог, краязнаўца, заслужаны настаўнік Уладзімір Аляксандравіч Урбановіч. Школа, канешне, была цалкам беларускамоўнай. Толькі класе ў 9-м, памятаю, прыслалі нам настаўніка, які выкладаў па-расейску. Напэўна, гэта зрабілі, каб крыху знізіць градус нацыяналізму ў вучняў, бо ўсе выхоўваліся патрыётамі Беларусі. Васіль Піліпавіч Ускоў яго звалі, выкладаў гісторыю. Але настаўнік быў добры. А Урбановіч вадзіў нас паўсюль, у паходы краязнаўчыя, усе наваколі, Наваградак, Свіцязь, Нязнанава, паездкі на радзіму Кузьмы Чорнага, Цімкавічы, на радзіму Якуба Коласа. Гэта зрабіла вялікі ўплыў на мяне. Затым яшчэ Яўген Іосіфавіч Талішэўскі, ён выкладаў беларускую мову, аднойчы кажа мне, пазіраючы на возеры на рыбака: «Юра, паглядзі, ці можа хоць адно возера на свеце параўнацца з нашай Свіцяззю?!»

У 5-м класе я склаў вершык, які называўся «Свіцязь», і паслаў яго ў газету «Піянер Беларусі». Рука рэдактара па ім, канешне, пахадзіла перад фінальнай публікацыяй, але атрымалася вось што:

Ціха коцяцца хвалі

Набягаюць на бераг,

Сінь гайдаюць-кідаюць

На нябёсы, на верас,

То сыходзіцца веерам,

З мяккім гоманам-плёскатам,

А пры месяцы вечарам

Ззяюць іскрамі-блёсткамі

Гэты верш быў затым надрукаваны і ў адной з літоўскіх газет, я так разумею, у перакладзе з беларускай на літоўскую мовы. І што тут пачалося! Мне, звычайнаму беларускаму хлопцу, вучню валеўскай школы, сталі мяхамі прыходзіць пісьмы. Пісалі пераважна літоўскія дзяўчыны, прысылалі свае фатаграфіі. Хвалілі за верш. Як цяпер помню, бібліятэкарка сварылася: «надаеў гэты Нагорны са сваімі пісьмамі!». Па 20-30 за раз прыходзіла. Ад таго часу і пачалося маё зацікаўленне літаратурай. Я і вершы яшчэ пісаў, і апавяданні. Выйшаў зборнік «Вачыма дзяцей», дзе ёсць гэты мой верш, затым «Напісалі кніжку самі», таксама калектыўны зборнік, дзе было маё апавяданне пра нашу валеўскую, мондзінскую, наваградскую зіму. У гэтым мне дапамагаў мой настаўнік Урбановіч, шчыры беларус, які шмат што нам даў. З былымі аднакласнікамі я сувязі не губляю, што цікава, і былы начальнік баранавіцкай ДАІ падпалкоўнік Мікола Арцюх, і інжынер у Гародні Коля Рожка, і ўсе іншыя размаўляем толькі на беларускай мове. Нават у тыя часы, калі наша мова не шануецца на нейкіх пасадах, дзе яна наогул займае неналежнае, малое месца ў нашай дзяржаве, мы не кінулі яе і заўсёды размаўляем толькі на роднай мове. І ў гэтым вялікі ўплыў нашай школы.

Школу я скончыў з адной «4» па біялогіі, срэбраны медаль. Нават не ведаю, чаму атрымаў тую чацвёрку. Неяк сустрэў у валеўскай царкве Алімпіяду Юліянаўну, якая выкладала гэты прадмет, ды не рашыўся спытаць, за што яна тады мне яе паставіла. Дый, яна і сама наўрад ці памятае.

- А далей быў знакаміты бурхлівы філалагічны факультэт БДУ...

- Уладзімір Аляксандравіч Урбановіч мне яшчэ ў школе сказаў, што мне трэба паступаць на філфак. Як медаліст я здаваў два экзамены, здаўшы іх на «5». А ў камісіі быў сам Іван Навуменка! І калі мяне спыталі, адкуль я, то радасна зрэагавалі, сказалі «А-а, знакамітая валеўская школа і настаўнік Урбановіч! Ведаем». Так я паступіў у 1966 годзе на філфак, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры.

- Філфак нефармальна называўся «гняздом нацыяналізму», студэнты патрабавалі выкладання ўсіх прадметаў на беларускай мове. Наколькі вялікі ўдар нанесла па факультэту русіфікацыя?

- У 1968-м годзе якраз споўнілася 50 гадоў, як наш курс — Алесь Разанаў, Лёва Бартош, Віктар Ярац пачалі збіраць подпісы за перавод усіх прадметаў на беларускую мову. Я таксама ўдзельнічаў у гэтай кампаніі, нас падтрымалі і выкладчыкі. У нумары часопіса «Наша гісторыя» нядаўна ўбачыў і свой подпіс пад тым знакамітым лістом! Мой сябра Толя Бутэвіч, які таксама вучыўся са мной тады, назваў нас «3-м беларускім», паралель з «фронтам». Мой подпіс стаіць побач з подпісамі Віктара Ярца і Колі Кірэйшына. Мы не паспелі сабраць яшчэ і здаць тыя подпісы пад лістом, як выкладчык замежнай літаратуры па прозвішчы Міцкевіч ужо назаўтра стаў чытаць нам свой прадмет па-беларуску! Беларускасць прышчаплялася і на спецкурсах, якія чыталі Міхась Ларчанка і дэкан факультэта Алег Лойка. На юбілеі Ларчанкі я, тады студэнт 2-га курсу, прачытаў свой верш, які, як казаў потым старшакурснік Міхась Губернатараў, вельмі спадабаўся Міхасю Рыгоравічу. Хаця я не магу параўнаць свае вершы з Янішчыц, Разанавым, мне да іх далёка.

Вядомых аднакурснікаў у мяне было шмат. Гэта і паэты Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, дыпламат Анатоль Бутэвіч, Яўген Хвалей, Лена Руцкая, Генадзь Пашкоў, журналіст Толя Бруцкі, настаўнік Мікола Грабянюк. На нашым курсе вучыліся дочкі вядомых пісьменнікаў, дачка Пімена Панчанкі Таццяна ў маёй групе, дачка Уладзіміра Карпава Люда, Таццяна Пшыркова – дачка філолага Юльяна Пшыркова, па чыіх падручніках вучылі беларускую літаратуру ў 70-80-я гг. Дачка Івана Шамякіна Таццяна. Нядаўна чытаў яе інтэрв’ю — тое, што яна кажа там пра Быкава і Адамовіча, не ведаю, у якія рамкі гэта лезе... Ну, а ў астатнім яна доктар навук, таксама спецыяліст. Тамара Краўчанка (Аўчыннікава), зараз жыве ў Магілёве. У студэнцкія часы яна жыла ў інтэрнаце з Янішчыц. Павінна выйсці яе выданне пра Яўгенію, з падрабязным аналізам творчасці ў чатырох тамах, з успамінамі пра яе. Дарэчы, на Янішчыц, напэўна, ціснулі, таму яна не падпісала той ліст пра выкладанне па-беларуску. Па поглядах, яна, верагодна, была даволі блізкай да тагачасных ідэяў. Магчыма, яна разумела нацыянальнае пытанне, але не выказвалася.

А наконт ліста выйшаў вялікі скандал. Разанаў і Ярац сказалі, што ўзгаднялі яго з Максімам Танкам, і той ухваліў ідэю. А рэзананс пайшоў такі, што нас сабралі ў актавай залі, прышылі нацыяналізм. Алеся Разанава перад тым выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі курсу. А цяпер пагражалі адклікаць яго з пасады, патрабавалі ад студэнтаў прагаласаваць за гэта. Я, апусціўшы галаву, схаваўся за крэсла, але прагаласаваў за тое, каб пераабраць Разанава на пасаду зноў. Я тады быў трэцякурснік, а ў залі сядзелі прадстаўнікі высокіх органаў. Мяне, праўда, індывідуальна не выклікалі, але страх усялялі ва ўсіх. Затым я прыехаў дадому, а мне сястра кажа «ой, мне пра твой курс распавядалі, казалі, што нацыяналісты з філфаку пераварот хацелі зрабіць!» Уяўляеце, яны пусцілі сваіх людзей па школах у рэгіёнах распавядаць, якія страшныя нацыяналісты заселі на філфаку і дзейнічаюць! Я ўпэўнены, што і цяпер, па прашэсці столькіх гадоў, ніхто з маіх аднакурснікаў, якія падпісвалі той ліст, не адрокся ні ад мовы, ні ад нашай нацыянальнай ідэі. Для мяне гонар, што я быў тады побач. І жонка мая Тамара, якая вучылася на адным курсе са мной — я быў стараста групы, яна камсорг групы — таксама ўжо тады прытрымлівалася беларускіх нацыянальных пазіцый. На жаль, два гады таму яна пайшла з жыцця.

- Як вы пазнаёміліся з жонкай, калі пажаніліся?

- Не маглі не пазнаёміцца. Аляксей Арсенцевіч Воўк — дэкан факультэта на субяседванні па паступленні запытваў, ці займаўся я грамадскім жыццём, спортам. Я адказаў, што быў старастам класу, прымаў удзел у камсамольскай рабоце, стаў 2-м на чэмпіянаце Наваградскага раёну па настольным тэнісе. Меў наогул пакліканне ўдзельнічаць у актыўным жыцці. Ну, і прызначылі мяне старастам групы. А Тамару тады ж прызначылі камсоргам. Недзе з 2-га курсу і пачаліся нашыя стасункі. Тады ездзілі «на бульбу» ў Ігуменскі раён. Наогул, на курсе было 125 чалавек, з іх 20 хлопцы, астатнія дзяўчыны. А выбраў я сваю Тамару. Бо яна была арыгінальнай, прыгожай, цудоўна танцавала! Каханне прыходзіць калі не з першага погляду, то недзе з наступных. Ездзілі і ў дыялекталагічныя экспедыцыі, прыглядаліся адзін да аднаго, а на 5-м курсе перад размеркаваннем яна звазіла мяне ў сваю вёску Садкі на Капыльшчыне, а я яе на сваю малую радзіму на Наваградчыну. Пажаніліся. Я ішоў 4-м ці 5-м на размеркаванне, сярод добрых варыянтаў былі Наваполацк і Орша. Я вырашыў, што паедзем мы ў Оршу.

- Якое месца ў вашым актыўным жыцці занялі дзеці?

- Як адкрываў музей сям’і Нагорных на сваім лецішчы ў Селішчы, тады ўзгадваў словы свайго цесця Івана Ільіча. А ў яго былі адныя дзеўкі, і ў дачок таксама дочкі нараджаліся. І цесць мне казаў: калі вы мне з Тамарай унука падаруеце, я буду вельмі ўдзячны! І сапраўды, нарадзіліся Сяргей і Максім. Калі першынец-унук з’явіўся, цешча казала, што цесць два тыдні не прасыхаў, замачваў унука (смяецца). Дзеці мае таксама сталі свядомымі беларусамі, Максім калі прыязджае, то заўсёды гаворыць па-беларуску. Часам нават распавядае мне, што са сваімі сябрамі-паляўнічымі спрачаецца, калі камусьці не падабаецца беларуская мова з ягоных вуснаў. Ён скончыў эканамічны факультэт, хоць эканамістам не працаваў. Цяжэй з унукамі. Ваня, каторы ўжо ў 7-м класе, акрамя кампутара нічога не хоча ведаць, слухаць, чытаць не любіць. Але беларускую мову, натуральна, ведае.

Старэйшы сын закончыў Інстытут замежных моў, затым, калі працаваў ужо ў Міністэрстве культуры, скончыў Акадэмію пры прэзідэнце па спецыяльнасці «Эканамічны менеджмент». Ён дыпламат, цудоўна валодае беларускай мовай і карыстаецца ёй. Быў першым сакратаром амбасады ў Польшчы, у Індыі як эканаміст, прасоўваў беларускую калійную соль на той рынак і сказаў, што гэта добра ў яго атрымалася. А цяпер Сяргей сканчвае 4-гадовы тэрмін у беларускім прадстаўніцтве ў Вашынгтоне як дарадца па эканоміцы і гандлю. Унук мой старэйшы Сяргейка нарадзіўся ў Польшчы, у школу пайшоў у Індыі, потым пераехаў у Мінск, год правучыўся ў Беларусі і беларускую мову здаў на «5». Цяпер вучыцца ў Вашынгтоне, у яго ад дзеда ёсць цэлая бібліятэка ад беларускіх пісьменнікаў з іх подпісамі.

- Другі год існуе музей сям’і Нагорных. Хто з вядомых людзей там паспеў пабываць ці яшчэ хоча?

- Перш за ўсё, адкуль вядома пра музей — з нашых незалежных медыяў, з Orsha.eu, «Радыё Свабода», «Радыё Рацыя», Vitnews. Шмат хто з маіх аднакурснікаў плануе прыехаць. У мяне ёсць план зрабіць яшчэ адзін пакойчык музейны, у якім сабраць кнігі, якія напісалі мае аднакурснікі, з іх подпісамі. Вельмі хачу туды паставіць і кнігу Віктара Дарашкевіча, ён скончыў аспірантуру, на жаль, рана памёр. А тут неяк чытаю інтэрв’ю Міхася Скоблы з вядомым магілёўскім паэтам Ігарам Шклярэўскім, які пераклаў на рускую мову «Слова аб палку Ігаравым». І ён гаворыць, што самы лепшы пераклад гэтага твора на беларускую мову належыць аўтарству Віктара Дарашкевіча. Я адразу патэлефанаваў Толю Бутэвічу, і ён пацвердзіў гэта. Я папрасіў яго знайсці жонку Віктара Дарашкевіча Ірыну Аляхновіч, у яе, напэўна, павінен быць гэты варыянт перакладу.

Для музею хачу таксама далей шукаць карані свайго роду. На жаль, звестак мала, мае продкі не надта клапаціліся пра гэта. Звычайны сялянскі род. Мой дзед Кастусь Ждан, неадукаваны, ніколі не расказваў пра сваіх продкаў. Я вучыў яго пісаць літару «Ж», каб мог распісвацца, а то распісваўся крыжыкам. А як жа ён сакавіта размаўляў, якая цудоўная наша мова! Калі зараз нейкія расейскія прапагандысты расказваюць казкі пра «прыдуманую беларускую мову», дык становіцца смешна. Мой дзед не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, а як чароўна размаўляў, якія словы ўжываў! Як цяпер помню, мая бабка казала на савецкую ўладу «прыйшлі камуністыя». Я гавару: «баба, як гэта ты кажаш — камуністыя?..». А потым, як стаў вучыцца, чытаю ў крыніцах — сапраўды, была ў нашай мове такая форма. І так віртуозна валодалі мовай людзі, якія школы не канчалі! Калі б былі тады смартфоны, я б запісаў усіх. Праўда, паспеў за год да смерці запісаць сваю маму. Яна з чыноўнікамі часам пераходзіла на такую мяшанку, устаўляла рускія словы, я пытаў, навошта яна гэта робіць, а яна: «Сынка, ну яны ж не ведаюць маёй мовы». Ну што ж, яна сялянка звычайная, чатыры класы ўсяго. І такія адносіны. А я казаў «ну гэта ж не твая праблема, а іхная, яны сюды прыехалі, а не мы да іх».

А вось у Тамары маёй пошук каранёў, відаць, будзе лягчэйшым. Яе бабуля была са шляхецкага роду Варонаў са Случчыны. Пасля яна з Луцкам украінскім звязалася, які тады быў пад Польшчай. Выйшла замуж за лекара вядомага, які меў там двухпавярховы дом, каня свайго. Я паслаў запыты ў архіў у Луцк. А яшчэ ў родзе Трафімовічы, Малашэвічы, спрэс капыльскія прозвішчы. Ва ўнуках сваіх Сяргеі, Ваню, Сямёне не сумняюся, усё будзе. Другі раз нявестка кажа «Вы знаеце, ён «яшчэ» кажа ў дзіцячым садку». Вакол рускамоўнае асяроддзе, а ён са сваім «яшчэ», гэта ўжо дзедавы карані (усміхаецца). Так што гісторыя працягваецца. Прашу старэйшага сына, каб пачаў занатоўваць успаміны, яму ўжо ёсць пра што ўспамінаць. Дарэчы, калі Клінтан прыязджаў у Менск, Сяргей быў у перакладчыцкай групе як адзін з лепшых студэнтаў. Неяк за лета ён пераклаў кнігу Энтані Сміта «Нацыяналізм у ХХ стагоддзі».

Дзядзька мой, родны брат бацькі, Павел Нагорны, у Санкт-Пецярбургу быў інжынерам на заводзе «Электрасіле». Калі прыязджаў у Беларусі,с стараўся выказвацца па-беларуску. А як пайшоў на пенсію, заняўся напісаннем артыкулаў у заводскую газету. А ён свайго часу ездзіў турбіны ўсталёўваць на Саяна-Шушанскую ГЭС. Узгадвае ў сваіх творах Наваградчыну, выдаў 10 кніжачак на сваім кампутары «Когда приходит счастье» замалёвак розных, пра сяброў, пра каханне, пра маладых людзей. Я перакладаю гэта на беларускую мову. Дасць Бог здароўя, выдам, хаця б столькі асобнікаў, каб усім сваякам хапіла. А яшчэ ён шукаў унікальныя фігуры з каранёў дрэваў, у Піцеры нават выставу рабілі. Хачу некалькі здымкаў з маіх дзіцячых гадоў узяць і пару тых каранёў у музей, калі атрымаецца.

- Зараз у Беларусі пачаўся новы этап цікавасці да свайго мінулага. Людзі ў сацыяльных сетках абменьваюцца адметнымі слоўцамі, якімі карысталіся іх продкі. Выдаюцца песні і кнігі на дыялектах. Якія цікавыя словы былі на Наваградчыне?

- У нашым дыялекце некаторыя словы сканчваліся на «э». Калі я вучыўся ў Менску, да мяне неяк прыязджала сястрычка. І яна ішла па вуліцы са мной і маім аднакурснікам Паўлам Хмяльніцкім, убачыла вялікі гадзіннік на доме і кажа: «Юра, глядзі, якія часэ вялікія!» Гэта вельмі запомнілася Паўлу, які раней не чуў такіх формаў. А «пансак», ведаеце што такое? Гэта пярлоўка забеленая. Крупнік з ячнай кашы, толькі зерне не бітае. Мама варыла, забельвала малаком і казала «ідзі, сынок, пансак есці». Было слова «газа», што значыць «керасін». А яшчэ «канаплянка». О, гэта цэлая гісторыя была! Мая суседка, унізе, па хутары, цётка Люба. Крычыць маме маёй «Волька, Волька, пайшлі ў Валеўку — будуць хусткі-канаплянкі прадаваць!» Гэта з канопляў, напэўна, і рабілася. Кіламетры два туды ісці, прыходзяць яны і становяцца ў чаргу. Маёй маці дасталася хустка, а цётцы Любе, якая стаяла за ёй, не хапіла. Дык яна крычала: «Камуністы! Хваліцеся, што ў вас усё ёсць, а хустак не можаце нарабіць, каб людзі ўволю купілі!». Мая мама кажа да яе: «Люба, ты што, людзі па баках ужо галовамі круцяць, забяруць зараз».

Адным словам, гэта нашы спрадвечныя словы беларускія. А Міхаіл Петрыкевіч у валеўскай школе выкладаў рускую мову. У нас на ўчастку школьным быў такі «дэндрарый» з рэдкімі дрэвамі з 50 розных краін свету. І мы працавалі рыдлёўкамі часамі, корпаліся ў зямлі, даглядалі за імі. А гэты настаўнік любіў парадак, любіў добрасумленнасць у рабоце. А мы ж дзеці былі, хто рыдлёўкай там махане, хто яшчэ што зробіць, і тады ён кажа «што вы як на немца працуеце?» (смяецца). Дарэчы, Петрыкевіч і Урбановіч былі добра знаёмыя з Уладзімірам Калеснікам, Янкам Брылём. Тады, памятаю, быў выпадак, калі мы атрымалі заданне ў школе пазапісваць прыказкі-прымаўкі ад сваякоў. І аднакласніца Анюта Каратай паназапісвала там такога! Мама мая прыйшла з бацькоўскага сходу і смяялася. Частка прыказак была з эратычным зместам! «Дзед віся, баба ззяе, дзед просіць, баба дае». Што гэта? Гэта вочэп, студня, вядро і вада!

Частка 2 на orsha.eu.

У матэрыяле скарыстаны фота racyja.com, svaboda.org, belsat.eu і архіву orsha.eu.

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: «Твой курс хацеў зрабіць пераварот!»

Інтэрв’ю з Юрыем Нагорным у дзвюх частках. Частка 1. Скандальны ліст-68 і музей «Тамарына сядзіба»

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение