09:00

-1

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

18:00

+1

8 м/с

980 гПа

21:00

-1

4 м/с

980 гПа

Регион, Общество

«А што, вам не тэлефанавалі ад Кебіча?»

03.02.2019 16:49

4592 просмотра, 28 комментариев

Інтэрв’ю з Юрыем Нагорным у дзвюх частках. Частка 2. Мэр Барані, выбары-1994 і змаганне за Беларусь.

Вядомы грамадскі дзеяч, настаўнік Юрый Нагорны адсвяткаваў 70-годдзе. У другой частцы інтэрв’ю для Orsha.eu юбіляр узгадаў перыяд, калі ён узначальваў Бараньскі выканкам, а таксама паразважаў пра беларускую школу.

Інтэрв'ю з Юрыем Нагорным. Частка 1. «Твой курс хацеў зрабіць пераварот!»

- З 1989 па 1995 гады вы былі мэрам Барані. Чаго ўдалося дамагчыся на гэтай пасадзе?

- Распавяду, як прыйшоў да гэтага. Спачатку, як стаў працаваць настаўнікам у Барані, узначаліў таварыства «Веды», дзе чыталіся лекцыі сярод гараджан, у тым ліку на заводзе. Пра мастацтва, кіно, літаратуру. У 15-й школе стаў дырэктарам. А там быў «Ленінскі пакой» велізарны. Ну а што ён мне?! Я вырашыў стварыць музей Корбана. Мяне падтрымала Вера Ільінічна Валетава, намесніца па выхаваўчай рабоце. І мы стварылі музей, а гэты пакой зачынілі. На мяне напісалі кляўзу ў гаркам партыі, і прыехалі адтуль правяраць, як гэта так, зачынілі ленінскі пакой? А гэта яшчэ «перабудовы» не было, таму імя Леніна было недатыкальным і свяшчэнным. Але ўсё абышлося. У 22-й школе быў створаны музей «Бараньская сяліба». Ну а затым мне прапанавалі ісці на мэра горада. На той момант я ўжо ездзіў на сустрэчы з сябрамі-аднадумцамі па сістэме гарадскога самакіравання і разумеў, ну не так павінна адбывацца кіраванне горадам, як адбываецца ў нас.

Разам з гэтым узгадаў злога брыгадзіра з вёскі, які даваў маме кепскую дзялку на лён, каня не даваў, дык яна перажывала вельмі і прасіла «Юра, калі падрасцеш і станеш вялікім начальнікам, то ніколі не крыўдзі людзей». І я стараўся памяняць псіхалогію начальніка ў адносінах да простага чалавека. Да мяне ў выканкам прыходзілі жыхары і ў непрыёмныя дні. Калегі касіліся, што я сустракаюся штодня з людзьмі, тым больш Саюз развальваўся, пачаўся дэфіцыт тавараў, ды што там — шкарпэтак на ўсіх не хапала! Часу было зусім мала, але адмовіць гараджанам у сустрэчы я не мог. Былі шматлікія прыемныя моманты. Які ўрачысты мітынг я зладзіў у горадзе, калі вешалі наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг! І як горка было, калі яго памянялі... Я папрасіў свайго памочніка ціхенька зняць наш сцяг і прынесці мне, а гэты павесіць. Камуністы, якія, вядома, падтрымалі чырвона-зялёны, тады мяне ўпікалі: «о, як ваш нацыяналістычны сцяг вешалі, дык мітынг з музыкай зладзілі, а як чырвона-зялёны, дык няма нічога». А я сказаў «не да мітынгаў цяпер».

- Кажуць, што пры вас у гараджан абудзілася цікавасць да каранёў, да гісторыі Барані. Нават у тых, хто не нарадзіўся тут, а прыехаў...

- Пры мне ў горадзе з’явілася вуліца Радзівілаў, я адшукаў якраз дакладную дату заснавання Барані — 30 кастрычніка 1598 года. У выканкаме дошка памятная Радзівілу-заснавальніку Барані. Дзень горада пачалі праводзіць стала, на беларускай мове. Купалле разам з Палацам культуры. І людзі намагаліся размаўляць па-беларуску, пераходзілі. На Дзень горада неяк прыехаў Фелікс Іванавіч Багданаў – былы дырэктар завода «Чырвоны Кастрычнік», яму ўручалі званне ганараовага грамадзяніна Барані, у канцы выступу некалькі сказаў прамовіў па-беларуску і сказаў потым «гэта таму, што я паважаю вашага старшыню». І Сяргей Пятровіч Закатаў, таксама дырэктар завода, чалавек з Расеі, перайменаваў завод у «Лёс», хоць беларускай мовай не валодаў, але яму яна падабалася. Нават аднойчы ў канцы выступу прамовіў па-беларуску: «хай наш «Лёс» будзе лепшым!» На дэманстрацыях у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі лозунгі чытаў дырэктар 18-й школы Антон Антонавіч Дамарацкі. Заўсёды да гэтага рабіў па-расейску, а тут узяў ды пачаў чытаць па-беларуску. І людзі віталі гэта!

Хаця былі і іншыя выпадкі. Быў у саюзныя часы выпадак, калі паклікала на дапамогу, затэлефанаваўшы адразу ў выканкам, прадавачка. У краме былі перабоі з хлебам. Не ў адной Барані, канешне, здарылася такая сітуацыя. І адзін мужчына, напэўна, прабальшавіцкіх поглядаў, выкрыкнуў з натоўпу, калі я прыйшоў разбірацца: «Нам эта ваша белорусская речь не нужна, вы нас хлебом накормите!» На гэта я адказаў, што пытанне тут не ў мове, а ў тавары. А калі б мы ўсе размаўлялі на роднай мове, калі б Беларусь была беларускай, а не пад уплывам Расеі, то і хлеба бы ўсім хапіла. Тады ўжо можна было такое казаць на маёй пасадзе, бо ўжо не было партыі, якая б мяне «асадзіла» і зняла.

- А на якой мове праходзілі пасяджэнні выканкама? Які лёс напаткаў заводскую газету, якую вы прытулілі ў выканкаме пасля аднаго скандалу?

- Свае даклады на пасяджэннях я рабіў выключна па-беларуску, мае намеснікі Дзяржыцкі Васіль Віктаравіч, Кураедаў Аляксандр Адамавіч таксама карысталіся ў выступах толькі нашай мовай. Была сітуацыя з газетай «Красный Октябрь». Рэдактарам быў мой сябар Кастусь Севярынец, які потым з’ехаў працаваць у БелТА-ТАСС у Віцебск. Газета дазволіла сабе пакрытыкаваць некага з чыноўнікаў заводу, за што яе выкінулі з прадпрыемства. Я знайшоў вольны пакой для газеты, назвалі мы яе «Наш Лёс» па смелай аналогіі з «Нашай Нівай» і «Нашай Доляй». Рэдактарам тады працавала Ліна Гатоўская, якая затым узначаліла «Аршанскую газету», а цяпер працуе загадчыцай музея Караткевіча. На жаль, потым грошай стала не ставаць, часова газета выходзіла на старонках «Аршанскай газеты», дзе рэдактарам на той час працаваў журналіст ад бога Пятрушын, з якім сапраўды можна было дамаўляцца. Чалавек адукаваны, дэмакратычных поглядаў.

- Калі наступілі неспрыяльныя часы, што было?

- На дырэктарскай пасадзе сталі ціснуць з Віцебску, тэлефанавалі ў Аршанскі аддзел адукацыі, пыталіся «да якой пары школу ў Барані будзе ўзначальваць гэты апазіцыянер?» Насылалі праверкі, на што кіраўніца гарана Людміла Анікеева казала пра мяне вышэйшаму начальству «А як я магу яго зняць, у яго школа адна з лепшых?» Тады сталі пагражаць ёй. Але якраз тады Анікеевай прапанавалі балатавацца ў дэпутаты, і яна пайшла туды, магчыма, каб і мяне не здымаць.

- Завод «Чырвоны Кастрычнік» быў паўсакрэтным, прадпрыемствам стратэгічнай важнасці. А таксама Барань праславіў футбольны клуб «Тэмп», 40-годдзе першай «бронзы» якога ў чэмпіянаце БССР было летась...

- Усе ў Барані імкнуліся патрапіць на футбол. Альберт Станіслававіч Леановіч цудоўна кіраваў стадыёнам, той заўсёды быў дагледжаным. Сяргей Алейнікаў у сваёй кнізе параўноўваў італьянскія футбольныя палі менавіта са стадыёнам у Барані! І ў «Тэмпе» працавалі такія трэнеры, якія здолелі падабраць моцных футбалістаў, здольных змагацца за высокія задачы. У Барані было няшмат забавак, горад зусім невялікі. Чым яшчэ ганарыцца бараньцам? Ну, вядомы байкапісец Уладзімір Корбан. Але ж беларускія байкі не тое, каб ай-я-яй, гэтым усіх не захопіш, а тут футбол, ды яшчэ такая моцная каманда! Яна была фішкай Барані! Многія з маіх вучняў сталі футбалістамі, у тым ліку і ў «Тэмпе» гулялі, напрыклад, Міхаіл Данілкоў, Паўловіч Валера. Завод быў багатым, мог утрымліваць каманду на высокім узроўні. Канешне, зараз ужо і завод не той, працуе на ім чалавек 500, а тады было 8,5 тысяч работнікаў. І выканкамаўскія ўсе памяняліся. Але калі б я быў быццам у рубрыцы «калі б я быў прэзідэнтам»... Калі б я зараз быў мэрам Барані, то, вядома ж, пастараўся арганізаваць юбілей заваявання «Тэмпам» першым медалёў чэмпіянату БССР на высокім узроўні. Была б і сустрэча ветэранаў, і ўспамінаў спецыяльны выпуск, і стол.

- Усе, хто знаёмы з жыццём Барані тых часоў, ведаюць, што завод меў агромністую сілу, уплыў.

- Завод быў настолькі магутным, што працавала на ім амаль уся Барань, многія з Оршы прыязджалі, з Балбасава, з вёсачак навакольных. Рабілі рацыі, перадатчыкі для міліцыі, для КДБ, для саюзных краінаў у тым ліку. На заводзе працавала інжынерная эліта. Увесь жылы фонд, лазня, стадыён, крамы ў Барані — ўсё будавалася і ўтрымлівалася за кошт міністэрства-завода. Я, калі быў яшчэ дырэктарам, не мог у школу прыбіральшчыцу знайсці — на заводзе і графік быў выгаднейшым, і заробак вышэйшы на парадак. Футбол на заводзе любілі, «Тэмпу» ладзілі зборы ў Абхазіі. Дырэктар завода быў фактычна гаспадаром горада. Аднойчы як дырэктар школы я павінен быў зрабіць рамонт, а паміж папярэдняй дырэктарам і кіраўніком завода было «сацыялістычнае пагадненне» пра дапамогу завода ў рамонце школы. Я з гэтай паперчынай прыйшоў да дырэктара «Чырвонага Кастрычніка», а ён паперу кідзь, мне кажа «падпісваў, а рабіць не буду, хай табе Аддзел адукацыі дае грошы». Пайшоў я тады да Казіміра Іосіфавіча Бязлюдава, які на той момант быў старшынём выканкама, сказаў пра праблему. Ён кажа: «Я магу паскардзіцца на дзеянні дырэктара завода, яму зверху загадаюць зрабіць рамонт, але праз год ён зробіць усё, каб ты да яго нават у кабінет не трапіў! А на другую-трэцюю скаргу пазвоняць ужо дырэктару завода і спытаюць: «Што ў цябе за праблемы са старшынём выканкаму? Ты што, не можаш іншага знайсці?!»

Я адваяваў будынак радыётэхнічнай вучэльні, якую будаваў завод, пад гімназію. Давялося і да Кебіча ездзіць, ён якраз выслухаў і распарадзіўся. З-за гэтага сапсаваліся добрыя раней адносіны з дырэктарам завода Закатавым. Цяпер я вельмі шкадую, што адносіны сапсаваліся. На цяперашні розум, дык пастараўся б захаваць добрыя. Напачатку такія і былі, я ўступіўся за яго на паседжанні, калі яго збіраліся здымаць з пасады, сказаў, што ён вельмі дапамог мне са школай, усім бы такіх кіраўнікоў завода пажадаў! А ён сапраўды быў працаголік, ад ранку да вечара быў на заводзе, вырашаў усе пытанні.

- Вы згадвалі пра ціск зверху на вас, маўляў, "апазіцыянер на дырэктарскай пасадзе ў школе". Але ж да таго вы цэлы год былі мэрам Барані пры Лукашэнку. Як гэта вам удалося? Чым запомніліся вам тыя выбары, за каго вы асабіста галасавалі?

- Гляджу, пад’ехаў аўтобус да выканкама. Прыходзіць чалавек да мяне ў кабінет, называецца: «Канаплёў Уладзімір, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі А.Р.» Подпісы збіраць прыехалі. Гэта быў абед, я здзівіўся, чаго ў такі час? Але пайшлі сабе. А потым ужо ўдваіх прыходзяць да мяне ў кабінет, Канаплёў і «Гранатамётчык», як яго называлі, таксама з каманды Лукашэнкі. Апошні просіць патэлефанаваць у Віцебск з майго службовага тэлефона. Прадстаўляецца і просіць прадаставіць для сустрэчы з Лукашэнкам самую вялікую залу. Чуе адказ, што самая вялікая зала зараз будзе занятая, там па праграме фільм. А гэты: «Вы што, не разумееце, што сустрэча важнейшая за нейкае там кіно?» Адным словам, тую сустрэчу яны ў Віцебску правялі, але пасля кіраўніца кінатэатра выставіла камандзе Лукашэнкі рахунак — за квіткі ж людзі заплацілі, касавы збор, а фільм адмяніўся, гэта ж такія выдаткі. Дык Канаплёў станавіўся на адно калена перад ёй, як афіцэр, прасіў прабачыць ім, бо давялося б аддаваць усе грошы. І яна прабачыла, відаць, адчувала, як усё павернецца...

Ну а пасля — сустрэча ў Барані. Зноў прыязджае да мяне Канаплёў. Я кажу: без праблемаў, давайце ладзіць сустрэчу з кандыдатам Лукашэнкам, Шушкевіч з людзьмі ўжо тут сустракаўся, зробім і вашаму кандыдату сустрэчу з бараньцамі. Прыедуць Кебіч, Пазняк — і ім таксама прадаставім. Канаплёў вельмі здзівіўся, спытаў, хіба я не атрымліваў распараджэння ад каманды Кебіча не даваць залу. Я прама заявіў, што ніякіх распараджэнняў не паступала – гэта па-першае, а па-другое, у Барані пакуль вырашаю я, каму прадастаўляць залу. Канаплёў сказаў, што ўпершыню сустракае прадстаўніка выканаўчай улады, які так гаворыць.

Затым сама сустрэча. Людзі ажно ў праходах сядзелі. Лукашэнка на трыбуне, я і Канаплёў сядзім побач. І Аляксандр Рыгоравіч пачынае сходу «Вось чыноўнікі ўсе казнакрады, усе бюракраты, вось я прыду да ўлады, усіх памяняю...». Адзін дзядок з залі запытвае «Дык можа Кебіч хай прэзідэнтам пабудзе, у яго пабольш вопыту, а вы пабудзьце старшынём ураду?» На што Лукашэнка адказвае «Не, Кебіч будзе сядзець у турме!» І далей сваё «усе казнакрады, усе бюракраты...» Канаплёў ціхенька яму кажа «Саша! Саша!», той «Што?» А Канаплёў паказвае на мяне, я ж таксама чыноўнік. І тады Лукашэнка кажа: Але ваш старшыня выканкама нармальны чыноўнік.

Я не думаў, што прэзідэнтам будзе Лукашэнка, чэсна скажу! Асабіста я галасаваў за Шушкевіча, ён быў мне бліжэй па поглядах. Хаця тагачасны старшыня Аршанскага выканкама, як прыязджаў, Уладзімір Германавіч Навацкі, казаў: «Ведаю я цябе, ты за Пазняка будзеш галасаваць!»

- Новая ўлада адразу стала праводзіць палітыку выразна супраць беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў. У Барані вы адразу гэта адчулі?

- Як толькі новы прэзідэнт прыйшоў да ўлады, адразу пачалося іншае жыццё. Але не тое добрае, якое ён абяцаў у сваіх выступах. Праверкі-пераправеркі, бюджэт строга кантралюецца, нельга ў горадзе нават утварыць пазабюджэтны фонд, каб рабіць нешта для горада. Стаўленне да тых, хто мае іншыя погляды, стала рэзка адмоўным, неапраўдана жорсткім. І я зразумеў, што калі я і буду мэрам Барані далей, дык зусім нядоўга. А мяняць погляды не хацелася, гэта не ў маіх правілах. І я сышоў у школу дырэктарам, а потым стаў там проста настаўнікам, так дапрацаваў да пенсіі. Хаця дырэктар 7-й школы Хачык Хачыкавіч Хачатураў прыязджаў угаворваць мяне стаць начальнікам Аддзелу адукацыі, але я адмовіўся, адкрыў дарогу Анікеевай, якая тады яшчэ добра да мне ставілася. А сам адбыў яшчэ да канца тэрмін у выканкаме.

Не буду ўтойваць — перад тым былі выбары, на якіх я 10 ці 9 галасоў прайграў свайму апаненту, слесару. Пра мяне, натуральна, правялі адпаведную кампанію, маўляў «бээнэфавец» (якраз тады дзяржаўная прапаганда актыўна ўвяла гэтае слова, у 100% выпадкаў надаючы яму негатыўную афарбоўку — заўвага Orsha.eu). Хаця я якраз у БНФ ніколі не быў, але ў той час усіх, хто выкарыстоўваў беларускую мову, называлі бээнэфаўцам. Так што з аднаго боку крыўдна, а з іншага — ўсё што ні робіцца, робіцца да лепшага.

- Юрый Аляксандравіч, як вы ацэньваеце стан беларускай школы, беларушчыны ў нашым жыцці, патрэбу ў гэтым у сучасным свеце?

- Сённяшні стан беларускай школы, наогул беларускасці быў бы на зусім іншым узроўні, каб пакінулі ў спакоі тую праграму, якая ўжо працавала і давала плён у 90-я. Я стараўся дапамагаць школам беларускамоўнымі запісамі, дыяфільмамі. Людзі ўсё больш пераходзілі на беларускую мову, дзеці паміж сабой на перапынках ужо многія размаўлялі па-беларуску. Усё ішло нармалёва. У Барані яшчэ было цяжэй, бо шмат выхадцаў з Расеі, а ў Оршы ўсе працэсы ішлі нармальна, беларусаў абсалютная большасць. Ніхто нікога не прымушаў, усё было выдатна, я бы сказаў, па-дзяржаўнаму. А з прыходам Лукашэнкі ўсе чыноўнікі — толькі па-расейску, хаця, памятаю, у Оршы Віталь Аляксандравіч Сівакоў дзве сесіі гарадскога Савета дэпутатаў бліскуча правёў на беларускай мове. Астатнія чыноўнікі — толькі па-расейску, двухмоўе толькі на паперы. У рэальнасці дзяржава ігнаруе беларускую мову. І "каўбасы" абяцанай гэтымі ўладамі няма, і каштоўнасці нацыянальныя топчуцца. У беларусаў не выхоўваецца самапавага, а яна магчымая толькі тады, калі ведаеш свае гісторыю, культуру, свабодна валодаеш мовай.

А ў апошні час на Аршаншчыну прыйшла такая антыбеларуская чыноўніцкая вертыкаль, што нідзе такой няма. Я езджу па іншых гарадах, сустракаюся з людзьмі, бачу гэта ўсё. У іншых гарадах беларускай мовы больш, а ў нас ужо былая, дзякуй Богу, кіраўніца Аддзелу культуры Святлова нават на Дні Караткевіча (!) выступала па-расейску, і ніводнага беларускага слова ад яе мы ніколі не пачулі! І пісьменнікаў многіх не пускалі сустрэцца з аршанцамі, маўляў, саюз не той, погляды не тыя. У іншых гарадах з Таварыствам беларускай мовы, якое я ўзначальваю, спакойна супрацоўнічаюць, а ў Оршы прылічылі да апазіцыйных арганізацый, хаця дзейнасць Таварыства непалітычная. Чаму, пытаюся? Адказваюць, што я апазіцыянер, а значыць нельга. Бачыце, ідзе не ад ідэі, а ад асобы. Што б я ні прапаноўваў — не, бо я не тых поглядаў, «якія трэба». Цудоўныя паэты Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Някляеў адмоўна ўспрымаюцца аршанскімі ідэолагамі, не той саюз, не тыя погляды. Яны не разумеюць, што гэта ж нашы людзі, яны за нас, за Беларусь, гэта людзі-творцы, якія сваё жыццё прысвяцілі Бацькаўшчыне, апяваюць яе прыроду, людзей, гісторыю ў сваіх вершах.

Будзем чакаць, што Аршаншчыну чакаюць лепшыя часы, калі прыйдзе да кіраўніцтва чалавек, які выхоўваўся ў тыя ўжо далёкія, але шчаслівыя для нас гады беларусізацыі, які пранікся ідэяй беларускасці, ідэяй нацыянальнай годнасці, ідэяй нацыянальнай ідэнтычнасці.

У матэрыяле скарыстаны фота racyja.com, svaboda.org, belsat.eu і архіву orsha.eu.

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: «А што, вам не тэлефанавалі ад Кебіча?»

Інтэрв’ю з Юрыем Нагорным у дзвюх частках. Частка 2. Мэр Барані, выбары-1994 і змаганне за Беларусь.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение