У пачатку студзеня першы тэрмінал лагістычнага цэнтру прыняў першыя грузы, а 6 лютага адбылося яго афіцыйнае адкрыццё. На адкрыццё з'ехалася шмат афіцыйных гасцей, у тым ліку і замежныя. У кампаніі "Брэміна-Груп" ёсць і свой сайт, на якім, зрэшты, няма ніякай інфармацыі пра тое, хто канкрэтна і чым займаецца ў кампаніі "Брэміна-Орша". Адсутнасць персаналій і іх пасад, у тым ліку адыёзнага былога старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага, не адзінае пытанне, якое задаюць людзі, якія зайшлі на партал. Пра Балбасава там сказана толькі тое, што на базе ў пасёлку 230 га, 190 000 м2 складскіх і 280 000 м2 вытворчых памяшканняў. Калі пра транспартна-лагістычны цэнтр "Брэміна-Брузгі" можна прачытаць як імёны, так і нумары тэлефонаў, то пра "Брэміна-Орша" нічога не змешчана.
Старонка пра лагістычную сетку адсутнічае, выдаючы памылку. На сайце ажно 5 моваў: расейская, турэцкая, польская, ангельская і кітайская, а для беларускай месца не знайшлося. На галоўнай старонцы напісана пра мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс у Оршы (Балбасава), аднак пры запыце больш падрабязнай інфармацыі пад словам "ещё" зноў жа выплывае памылка.
Такім чынам, на дадзены момант на сайце кампаніі, нягледзячы на тое, што першы тэрмінал ужо даўно працуе, пра "Брэміна-Орша" амаль адсутнічае інфармацыя на сайце кампаніі.