Летась аршанцы выйгралі Кубак Беларусі, а цяпер паспяхова крочаць да мэты абараніць тытул. У паўторным паўфінальным матчы з "Аховай-Дынама" "Вітэн" правёў цудоўны другі тайм, які і вывеў яго ў рашаючы матч розыгрышу. У першым паядынку ў Менску "Вітэн" згуляў з супернікам унічыю 3:3. Другі матч пачаўся для чырвона-чорных паспяхова. Аршанская публіка была ў захапленні ад голу Клачко ўжо на 1-й хвіліне! Але да канца першага тайму Грамляка і Няхай прабілі Лысенку — брамніка "Вітэна". У другой палове аршанцы выправілі сітуацыю, прычым забівалі толькі яны. На 28-й хвіліне, калі многія з 410 гледачоў на трыбунах "Алімпійца" пачалі ўжо хвалявацца, Дзядзічкін зраўняў лік. А праз некалькі секунд Гусакоў вывеў энергетыкаў наперад. Дубль Пятрова на 32-й і 40-й хвілінах толькі падкрэсліў перавагу аршанцаў — 5:2.
Супернік "Вітэна" па фіналу вызначыцца 27-га лютага ў Лідзе ў матчы "Лідсельмаша" са "Сталіцай". Паядынак у Менску скончыўся баявой нічыёй 4:4.
Фота прэс-службы "Вітэна".