Верагодна, у Беларусі за "справай лекараў" следуе "справа дырэктароў заводаў". Як мяркуе "Белсат", 21–22 траўня адбыліся затрыманні дырэктараў шэрагу прадпрыемстваў у Гомлі, Віцебску ды Воршы. Часцы затрыманых інкрымінуюць удзел у карупцыйных схемах. На працоўным месцы адсутнічае дырэктар аршанскага ААТ "Станказавод "Чырвоны барацьбіт" Аляксандр Шульгін. На прадпрыемстве "Белсату" паведамілі, што ў найбліжэйшы час кіраўнік на працы не з’явіцца. Але на сайце "Чырвонага барацьбіта" па стане на 9:00 25-га траўня інфармацыя пра дырэктара не выдалена, як часта робяць у беларускіх арганізацыях пасля затрыманняў іх работнікаў. Забылі альбо з дырэктарам нічога сур'ёзнага не адбылося — пакуль не вядома, Orsha.eu спрабуе высветліць сітуацыю.
Аналагічная сітуацыя з дырэктарам на гомельскім ААТ "СтанкаГомель". Кіраўнік прадпрыемства Уладзімір С. на працы адсутнічае, на пытанне, калі дырэктар з’явіцца на працоўным месцы, у прыёмнай ААТ "СтанкаГомель" уцямнага адказу не далі. Таксама затрыманыя дырэктары віцебскіх заводаў ААТ "ВІЗАС" (Віцебскі завод заточных станкоў) і станкабудаўнічага заводу "Вістан". На апошнім прадпрыемстве запэўнілі, што дырэктар Валер К. "у камандзіроўцы", а на дадатковае пытанне пра затрыманне ў прыёмнай кінулі слухаўку. Як цвердзяць крыніцы "Белсату", Валеру К. інкрымінуюць удзел у карупцыйных схемах пры закупах з удзелам кампаніі "Сітэк".
Паводле інфармацыі крыніцаў belsat.eu, затрыманыя дырэктары перабываюць у СІЗА КДБ у Менску. Прэсавая служба КДБ на тэлефанаванні не адказвае, а таму нельга сказаць, што інфармацыя пра затрыманні на афіцыйным узроўні пацверджаная, але яна і не абвергнутая.