К такому выводу после анализа спортивной жизни города пришли авторы блога "Оршанские стартовцы", который посвящён жизни футбольного клуба "Орша". Оценив популярность различных игровых видов спорта в городе, они пришли к выводу, что футбол стремительно теряет популярность. Хотя ещё несколько лет назад и в течение десятилетий никто не сомневался в его верховенстве. Сейчас ситуация выглядит кардинально по-другому. Вот, что пишет блог:
Тут няма пра што спрачацца, хаця загаловак гэтага запісу ў блогу (Ворша. Рэйтынг гульнявых відаў: футбол толькі трэці) выглядае дзіўна для нас, апалагетаў нагамяча. Безумоўна, у нашым горадзе футбол вельмі доўгі час быў спортам №1, а другім відам быў, напэўна, хакей зь мячом, дзе "Старт" перамагаў усіх унутры рэспублікі і годна выступаў у першынстве СССР. Валейбол меў і посьпехі, і пэўную ўвагу гараджан. Хакей з шайбай і матабол у папярэднія часы не прыжыліся. Аднак паступова надыйшлі зьмены. Бэндзі развалілі, матабол у атмасферы цішыні толькі яшчэ спрабуюць неяк адраджаць, валейбол і футбол за пару мінулых гадоў страцілі каля паловы публікі. Міні-футбол і ў 90-я, і цяпер, пасьля вяртаньня "Вітэна" ў Воршу, карыстаецца попытам, а трыбуны заўжды поўныя. Частка публікі з футболу і валейболу перацякла на "шайбу".
Калі спрабаваць разабрацца, чаму, дык адказы відавочныя. "Вітэн" на працягу многіх гадоў — адзін зь вядучых і тытулаваных клубаў Беларусі ў сваім відзе, браў і золата чэмпіянату, і кубак, і суперкубак краіны. Энергетыкі добра фундуюць клуб, што дазваляе ўзмацняцца якаснымі легіянерамі. Хакейны "Лакаматыў", які не зьяўляецца правапераемнікам каманды, якая гуляла ў горадзе дзясяткі гадоў таму, прыцягвае на трыбуны болей людзей, чым футбольны "Старт" (ФК "Орша"). І гэта ўжо на другі год свайго існаваньня! Прыцягвае ў сілу шэрагу прычын. Спрацоўвае і эфект навінкі, усё-ткі раней аршанцы не маглі бачыць у сваім горадзе хакей з шайбай, не было і арэны. Акрамя таго, у "Лакаматыў" кінутыя салідныя грошы, якіх няма ў футболе. І калі сіня-аранжавыя змагаюцца за права гуляць у элітным дывізіёне, дык у футболе клуб страшна далёкі ад таго.
Яшчэ фактарам зьяўляецца і праца з заўзятарамі. На матчах "Лакаматыва" і "Вітэна" дзясяткі людзей у шаліках, швэдрах і майках клуба, а калі якая атрыбутыка прадавалася на матчах "Оршы"? Яе можна было дастаць толькі ў фанатаў клуба і зусім непрацяглы час на стадыёне. У астатнім гарадзкія ўлады, ад якіх залежыць клуб, заўсёды ігнаравалі такую неабходнасьць. Ні шалікаў, ні маек, ды нават магніцік на халадзільнік не купіць. Пра якасьць квіткоў сто разоў пісалі і мы, і журналісты, і госьці горада. Зусім не праблема арганізаваць выпуск і продаж атрыбутыкі ФК на стадыёне ці ў нейкай гандлёвай кропцы, у тым жа ўнівермагу, прынамсі.
Тут адыходзіць на задні план колькасьць аршанцаў у камандзе. Для нас, ультрас, яна важная. Але на папулярнасьць клуба ў горадзе гэты фактар уплывае зусім ня ў першую чаргу. Ня толькі ж у футболе за "Оршу" гуляюць віцябляне, магілёўцы, менчукі і так далей. У "Вітэне" аршанцаў таксама амаль не засталося, у "Лакаматыве" яшчэ і не было наогул. Аднак задачы, якія вырашаюць міні-футбольны і хакейны клубы, плюс атмасфера, створаная на іх матчах, на дзьве галавы вышэйшыя за аналагічныя паказьнікі на футболе.
Валейбол таксама застаецца на перыферыі, тут сітуацыя яшчэ горшая. Лепшая за ўсе аршанскія клубы ў іншых відах тут толькі сітуацыя са сваімі гульцамі, з аршанцамі. Пакуль перадумоў на павышэньне папулярнасьці аршанскіх футболу і валейболу няма. Калі тэндэнцыя захаваецца, на футболе і валейболе застанецца толькі невялікая "гранка" фанатаў і некалькі дзясяткаў адданых менавіта гэтай гульні і гэтым клубам ("Старту" і "Ўзьлёту") людзей. Алагічнасьці няма, большасьць аршанцаў абярэ (ды ўжо абірае!) больш камфортныя ўмовы, дзе можна набрацца пазітыву пры праглядзе табліцы і адпачыць у перапынку. Вінаваціць іх мы ня маем права. Усе прэтэнзіі толькі да тых, хто давёў валейбол і футбол у горадзе да такога стану.