Сучасны аршанскі ЗАГС і архіў размешчаны ў былым манастырскім корпусе, які быў часткаю незахаваўшагася манастыра трынітарыяў. Заснаваны ён быў у 1714 годзе братамі Уладзіславам і Адамам Саковічамі. Складаўся манастыр з цаглянага касцёла Пакутаў Гасподніх і жылога двухпавярховага корпуса. Абнесены высокай каменнай агароджай.
У 1832 годзе касцёл быў перабудаваны ў праваслаўны Уваскрасенскі сабор, над будынкам былі ўзведзены пяць вежаў. У жылым будынку размесцілася гарадская вучэльня і палкавая школа. Напачатку 20 стагоддзя Уваскрасенскі сабор выглядаў як крыжова-купальны храм.
У Уваскрасенскім саборы ў 1910 годзе некалькі дзён знаходзіліся мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай, прывезеныя ў Оршу па Дняпры. Пасля гэтага іх на руках неслі да Полацка. Вот так, праз стагоддзі, вяртаючыся на Радзіму, нябесная заступніца Беларусі наведала наш горад.
У савецкія часы па модзе 1930-х гадоў велічэзны храм быў пераўтвораны ў аэраклуб. Чатыры вежачкі былі разабраныя, а з-пад велізарнага купала выхаванцы клуба рабілі трэніровачныя скокі з парашутам. Аршанскі аэраклуб вырасціў цэлае пакаленне лётчыкаў-аршанцаў. У іх ліку Героі Савецкага Саюзу - Уладзімір Завадскі, Мікалай Карначонак, Іван Сяржантаў.
У часы Вялікай Айчыннай вайны Уваскрасенскі сабор был пашкоджаны бамбёжкамі. Аж жа 1950-х гадоў ён стаяў у цэнтры Оршы напаўразбураны пакуль савецкія ўлады яго не знеслі канчаткова.
Захаваўшыся да нашых дзён жылы корпус таксама быў пашкоджаны, але выкарыстоўваўся пад жытло. На дадзены момант ён з'яўляецца помнікам архітэктуры барока.
У 2004 годзе гэты будынак быў рэстаўраваны, і цяпер тут размешчаны занальны архіў і ЗАГС.
На фота: жылы будынак манастыра і храм напачатку 20-га стагоддзя.