17 лістапада адбудуцца выбары у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Шукаем назіральнікаў, якія змогуць сачыць за тым, што адбываецца на ўчастках краіны ў асноўны дзень (17 лістапада) і, па магчымасці, падчас датэрміновага галасавання (з 12 па 16 лістапада). Таксама асобную ўвагу варта будзе надаць маніторынгу падліку галасоў, каб затым даць ацэнку адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу.
Назіранне за выбарамі - гэта цалкам законная грамадская актыўнасць. Яна дае магчымасць праверыць, ці сумленна праходзяць у нас выбары, і атрымаць займальны досвед.
Назіранне дазваляе “зазірнуць за кулісы” выбараў і з першых шэрагаў убачыць, як праходзяць розныя этапы выбарчага працэсу, пра якія ходзіць столькі разнастайных чутак.
Незалежнае назіранне – простая і эфектыўная форма ўдзелу звычайных людзей у кантролі за прыняццем істотных рашэнняў як на мясцовым узроўні, так і у межах усёй краіны.
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” не аказвае падтрымку палітычным партыям ці кандыдатам. Мэта кампаніі – адсачыць выкананне міжнародных стандартаў у выбарчай галіне, зафіксаваць парушэнні і дапамагчы ўдасканаліць працэдуру выбараў на карысць усяго грамадства.
Стаць назіральнікам можа кожны: і той, у каго ўжо ёсць адпаведны досвед, і той, для каго гэта будзе ўпершыню.
Цягам кастрычніка і лістапада назіральнікі пройдуць адпаведнае навучанне і атрымаюць неабходныя накіраванні на выбарчыя ўчасткі (акрэдытацыю). Мы дапаможам размеркаваць назіральнікаў па тых участках, якія будуць для іх зручнымі.
Каб стаць назіральнікам, дастаткова запоўніць кароткую анкету тут.