За змантаванымі ў марскім кантэйнеры саматужным спосабам дзвярыма віцебскія мытнікі выявілі 20 тон свежых груш. Схаваўшы ад мытнага кантролю пладовую прадукцыю, расейская фірма-перавозчык мела намер незаконна экспартаваць яе ў Расею. Рух аўтамабіля VOLVO з марскім кантэйнерам прыпынена пры правядзенні праверачных мерапрыемстваў у Дубровенскім раёне непадалёк ад беларуска-расейскай мяжы.
Кіроўца сказаў мытнікам, што яго транспартны сродак парожні: у кантэйнеры не перамяшчаюцца якія-небудзь тавары. Мытны дагляд словы кіроўцы-экспедытара не пацвердзіў: пры адкрыцці грузавога адсека выяўленая мінеральная вата, якая прыкрывала змантаваныя дзверы, за якімі былі схаваныя 20 тон свежых груш. Лагічна, што ў кіроўцы ні таварасуправаджальных дакументаў, ні фітасанітарнага сертыфіката на грушы не аказалася. Кошт незаконна перамешчаных тавараў склаў 14,5 тысяч рублёў.
Па факце парушэння заканадаўства Віцебскай мытняй пачаты адміністрацыйны працэс у адпаведнасці з ч.4 арт.12.17 КаАП Рэспублікі Беларусь. Санкцыя артыкула прадугледжвае накладанне штрафу на кіроўцу ў памеры да 30 базавых велічынь, на перавозчыка — да 50% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.
Варта адзначыць, што падобным чынам маюць намер завезці грушы ў Расею праз тэрыторыю Беларусі ўжо ў чацвёрты раз за апошнія два месяцы. Папярэднія тры спробы былі выяўлены супрацоўнікамі Аператыўнай мытні.