Пасля зменаў у генеральны план Оршы, туды зноў патрапіла ідэя аб'яднання двух гарадоў: Барані і Оршы. Пры чым, калі ў папярэднім варыянце пакуль яшчэ не прынятага плану была ідэя пабудаваць паміж гарадамі новы мікрараён элітнай забудовы на беразе Адрова, то новая прапанова ў тым каб забудаваць шматкватэрнымі дамамі ўсю тэрыторыю паміж гарадамі.
Ідэя гэта не новая і блукае ад генплану да генплану ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, а пачыналася яна яшчэ ў часы СССР, калі на хвалі камуністычнай гігантаманіі па краіне планавалася пааб'ядноўваць многія суседнія гарады. Часы змяніліся, ідэя засталася. наколькі яна сёння актуальная не бярэмся ацэньваць. Канешне, у выпадку такога аб'яднання Барань знікне як асобны населены пункт са сваёй амаль 500-гадовай гісторыяй. Сумніўна, што аб'яднаны горад атрымае назву Барань, ці якую Бараноршу. Таксама сумніўна, што ад такога аб'яднання нешта зменіцца ў сацыяльнай і эканамічнай сферы - усё адно сёння агульны бюджэт для ўсяго раёна. Адзіная відавочная прычына існавання гэтай ідэі ў тым, што Орша такім чынам атрымае новыя плошчы для свайго геаграфічнаг росту - у шырыню. Але сёння Орша адзіны 100-тысячнік у краіне, які не расце па колькасці насельніцтва, а змяньшаецца. Ды і ў самім горадзе шмат рэзерваў для будаўніцтва - узяць хаця б дарагую, але ўсё адно неабходную ідэю рассяляць выпрацаваўшыя свой тэрмін прыдатнасці "Хрушчоўкі", каб на іх месцы будаваць большыя па памеры шматпавярховікі. Ці прыватны сектар, - тая ж Заходняя мае шмат плошчаў для будаўніцтва новага жылля.
Пры гэтым на практыцы заўважна, што людзі часцей выступаюць супраць аб'яднанняў населеных пунктаў. У мінулым годзе жыхары вёскі Дачная - якая геаграфічна і так частка Оршы - адмовіліся станавіцца гараджанамі, яшчэ раней самімі жыхарамі былі заблакаваныя спробы аб'яднаць горад Барань і вёску Барань, далучыць Бабінічы да Оршы (яшчэ калі раён і горад мелі свае выканкамы) і г.д.
Тым не меньш, мы прапануем вам самім адказаць на пытанне ці патрэбнае такое аб'яднанне двух гарадоў. А можа быць і ўвогуле трэба аб'яднаць не толькі Оршу і Барань, але далучыць да Оршы і шэраг вёсак - частку Андрэеўшчыны ў свой час далучылі, але частка так і засталася вёскай. А можа быць варта пабудаваць новыя мікрараёны на полі каля Татарску, але пры гэтым, каб юрыдычна Барань усё адно мела свой выканкам і лічылася асобным горадам? А можа ўвогуле пара спыніць гэтыя не матываваныя, штучныя аб'яднанні населеных пунктаў і няхай кожны развіваецца самастойна - усё ж такі ідэя прыйшла не ад самых лепшых кіраўнікоў 20-га стагоддзя і часы змяніліся.
Выбраць адзін з прапанваных намі варыянтаў вы можаце ў апытанні на галоўнай старонцы нашага сайта, калі ж сярод нашых прапаноў няма таго, што вам падыходзіць, то выкажыце сваё меркаванне ў каментарах пад гэтым артыкулам.