Генеральны план Оршы ўсё яшчэ не прыняты і выклікае жывую цікавасць у актыўных жыхароў Оршы. Гэта і зразумела — генплан вызначае на 10 гадоў наперад як і ў якім кірунку горад будзе развівацца. Да таго ж у самім плане ёсць шэраг дыскусійных момантаў. І гэтыя дыскусійныя моманты і новыя пытанні ўзніклі пры прэзентацыі экалагічнага дакладу па генеральнаму плану. На прэзентацыі прысутнічаў і намеснік старшыні выканкаму Канстанцін Селіванаў — план як раз і распрацоўваўся ў той час калі ён быў галоўным архітэктарам раёну, таму адказаць на пытанні па сутнасці ён мог лепш чым дакладчыкі ды і лепш чым любы іншы чыноўнік. Насамрэч, так і атрымалася, што менавіта Селіванаў найбольш і адказваў.
Сам даклад выглядаў як аналіз сёняшняга стану, выяўленне праблемаў і рэкамендацыі ад эколагаў на будучыню. У фармаце прэзентацыі не ўсе рэкамендацыі маглі быць агучаныя і, каншне, потым пайшлі пытанні. Напрыклад, было паднята пытанне пра каналізацыю прыватнага сектару і вёсак раёна. Яе агучыў былы дэпутат Бараньскага гарсавету Віктар Міхасёў, які акрамя таго звярнуў увагу на некаторыя памылкі зробленыя ў дакладзе. Найбольшыя дыскусіі выклікала пытанне будаўніцтва новай дарогі на Барань. якая павінна прайсці паміж возерам Шчацінскаўскім і Адровам. Ігар Казмерчак, які агучваў гэтае пытанне сказаў, што выдаткі і магчымая карысць ад яе будаўніцтва будзе меньшая чым шкода ад таго, што будзе сапсаваная зона рэкрэацыі. Пасля гэтага бакі абмяняліся сваім бачаннем праблемы. У прыватнасці чыноўнікі не бачаць праблемы, але лічаць, што новая дарога скароціць час і спросціць праезд на Барань. Нагадаем, што гэтае пытанне найбольш востра стаяла і пры іншых этапах грамадскіх абмеркаванняў генплану. Бо дарога тут плануецца вялікая, дарагая чатырохпалосная — гэта і выклікае да яе пытанні. Тым не меньш, пры чарговай дыскусіі кожны застаўся пры сваім.
Затое вырашылася пытанне па лесе ў раёне Заходняй. раней гаварылася, што тут будзе вайскова-спартовы комплекс з экспазіцыяй вайсковай тэхнікі, цяпер вырашана, што тут будзе своеасаблівы іпадром. Дзе ахвотныя змогуць пакамунікаваць і пакатацца на конях. Гэтую ідэю прысутныя ацанілі вельмі пазітыўна.
Падымалася і пытанне аб’яднання Оршы і Барані. На гэтае пытанне Канстанцін Селіванаў адказаў, што без апытання жыхароў Барані аб’яднанне не адбудзецца, але ў генеральны план яно ўнесенае яе перспектыва пашырэння Оршы. Дарэчы пытанне пашырэння Оршы выклікала лёгкі смех у залі пад час дакладу. Гэтае пытанне прагучала як павелічэнне колькасці насельніцтва ў нашым рэгіёне, пры тым, што Орша адзіны
Аляксандар Макарэвіч — больш вядомы як паэт — як былы чыгуначнік заўважыў, што ў дакладзе мала ўвагі надаецца экалагічным праблемам звязаным з чыгункай. Гэта не толькі шум, пра які ў прэзентацыі гаварылася, але і выкарыстанне драўляных шпалаў, якія прапітаныя крэазотам і таму іх выкарыстанне можа выклікаць ракавыя захворванні, і праблема блізкасці прыватных агародаў да чыгуначнага палатна і г.д. Гэтыя пытанні былі асобна пададзеныя і ў пісьмовым выглядзе.
У адзін з момантаў размова збілася на пытанне новага смеццевага палігона, але па ім прайшліся толькі каротка, бо абмеркаванне новага праэкта палігона будзе асобна вынесена на абмеркаванне.
Самае важнае з новага абмеркавання, што чыноўнікі зноў змаглі пачуць прапановы насельніцтва па пытанні важнейшага дакуманта. Так, дзякуючы папярэднім абмеркаванням, улады выключылі з генеральнага плану будаўніцтва дарогі праз урочышча «Кабыляцкая гара» дзе да гэтае пары ляжаць ахвяры і камуністаў і фашыстаў. Больш за тое, у самім генплане сталі адзначаныя месцы расстрэлаў. На гэты раз стала зразумела, што і спартова-вайсковага комплекса ў лесе на Заходняй не будзе, затое там будзе больш падыходзячы спартова-забаўляльны комплекс з жывёламі.