Два тыдні таму ў Віцебску памёр 62-гадовы выкладчык медуніверсітэта і лор Уладзімір Куніцкі. А ў панядзелак у бальніцы не стала яго жонкі Людмілы. Людміле Куніцкай было 64 гады. Яна 35 гадоў адпрацавала рэнтгенолагам. Спачатку ў Віцебскай гарадской цэнтральнай клінічнай бальніцы, пасля — у 2-й гарадской паліклініцы. Два тыдні таму жанчыну шпіталізавалі ў «інфекцыёнку». 15 чэрвеня яна памёрла. Сваякі кажуць, што ў Людмілы быў каранавірус.
Яе муж таксама ляжаў у інфекцыйнай бальніцы з каранавірусам. Калі ва ўніверсітэце калегі і студэнты развітваліся з выкладчыкам, труна была закрытая. Людміла і Уладзімір былі разам са студэнцкіх гадоў — вучыліся ў Віцебскім медуніверсітэце. Пасля жылі і працавалі ў Оршы: ён працаваў доктарам у медсанчастцы льнокамбіната, яна — выкладчыкам у медвучылішчы. Праз некалькі год вярнуліся ў Віцебск, піша "Наша Ніва". У дактароў засталіся двое дарослых дзяцей.